Беларусы за мяжой пачалі адзначаць Дзень Волі ФОТЫ

Акцыі да Дня Волі ў дыяспарах у розных гарадах і краінах пачаліся на гэтыя выхадныя.

24.03.2024 / 20:45

У Варшаве прайшлі мітынг і шэсце з нацыянальнымі сцягамі, удзел у якіх прынялі беларускія актывісты і грамадскія дзеячы, палітыкі, прадстаўнікі беларускіх ініцыятыў і беларусы Варшавы. 

Акцыя ў Варшаве. Фоты чытачоў

Павел Латушка на шэсці ў Варшаве

Павел Латушка ў час прамовы

«Нацыянальная свядомасць — гэта наша зброя і наш шчыт. Гэта тое, дзякуючы чаму мы, беларусы, захаваліся як нацыя, нягледзячы на стагоддзі расійска-імперскай і расійска-савецкай акупацыі. Нягледзячы на гвалтоўную русіфікацыю, нягледзячы на тэрор, нягледзячы ні на што», — адзначыў Павел Латушка падчас удзелу ў святочных мерапрыемствах у Варшаве.

Павел Латушка таксама падзякаваў тым, хто адстойвае незалежнасць: «Дзякую ўсім беларусам і беларускам, дзе б вы не былі сёння, за тое, што вы не здаліся, не скарыліся і працягваеце барацьбу. Кожны — на сваім месцы і ў меру сваіх магчымасцяў».

У Беластоку мітынг-канцэрт прайшоў на галоўным пляцы горада — Рынку Касцюшкі. Ля ратушы сабраліся блізу 200 чалавек. З Днём Волі беларусаў віншаваў намеснік прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі. Ён казаў пра шчаслівейшую будучыню Беларусі, калі яна стане добрым Польшчы суседам, прызнаваным міжнароднай супольнасцю дэмакратычным краем.

Акцыя ў Беластоку. Фота: «Наша Ніва»

Дзяяч беларускага руху ў Польшчы Яўген Вапа назваў БНР краінаю мары. Ён сказаў, што нельга спапяліць народ, які ёсць.

«Дух свабоднай Беларусі, свабоднага народу ў сэрцах усіх беларусаў. Беларускі дух дазволіць нам сёння ператрываць гэтую навалу, якую хоча лукашызм і пуцінізм… БНР — залог таго, што мы будзем у вольнай дэмакратычнай Беларусі тады, калі дазволяць геапалітычныя ўмовы і захочам мы», — прамаўляў Вапа.

На мітынгу выступілі таксама іншыя прадстаўнікі беларускай дыяспары. Павіншаваў беларусаў і прадстаўнік украінскай дыяспары.

Вяла мітынг спявачка і фалькларыстка Кацярына Ваданосава. Па сканчэнні мітынгу адбыўся канцэрт. На пляцы было шмат бел-чырвона-белых сцягоў і іншай нацыянальнай атрыбутыкі. Была расцяжка, прысвечаная палітвязням. Пра іх таксама прамаўлялі выступоўцы. Гаварылі пра зняволеных творцаў і палітыкаў. Неаднаразова гучаў вокліч «Жыве Беларусь». Згадваліся і ціхары, якія маглі знаходзіцца ў грамадзе ўдзельнікаў і ўпойтай фатаграфавааць іх.

Акцыя беларусаў да Дня Волі прайшла таксама ў польскай Лодзі.

Акцыя ў Лодзі. Фота чытачоў

Так выглядаў мітынг у Празе.

Акцыя ў Празе. Фота: «Наша Ніва»

Nashaniva.com