Францыя павысіла ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да максімальнага. А краіну чакаюць Алімпійскія гульні
Самы высокі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы абвяшчаецца ў Францыі, калі ўлады мяркуюць, што існуе немінучая пагроза тэракту пасля нападу на «Крокус Сіці Хол» у Маскве.
25.03.2024 / 11:18
Фота: Thibault Camus / AP
«У сувязі з тэрактам у Маскве прэзідэнт склікаў Раду абароны і нацыянальнай бяспекі ў Елісейскім палацы. Улічваючы заяву «Ісламскай дзяржавы» аб адказнасці за тэракт, а таксама небяспеку для нашай краіны, мы вырашылі падняць узровень тэрарыстычнай пагрозы да самага высокага: экстраны напад», — паведаміў учора прэм'ер Габрыэль Аталь.
Таксама Алімпійскія гульні ў Парыжы могуць стаць «першакласнай мішэнню» для тэрарыстаў. Такімі асцярогамі падзяліліся ў размове з The New York Times суразмоўцы ў заходніх разведках і эксперты.
Заходнія спецыялісты лічаць, што тэракт у «Крокус Сіці Холе» можа заахвоціць «Ісламскую дзяржаву» ўзмацніць спробы атакаваць краіны Еўропы, асабліва Францыю, Бельгію і Брытанію. Выданне са спасылкай на даклад ААН піша аб наяўнасці сведчанняў «бягучых і незавершаных аператыўных планаў на еўрапейскай тэрыторыі, якія рэалізуюцца ІД».
Урад Нямеччыны ў сваю чаргу класіфікуе тэрарыстычную пагрозу ў краіне як «вострую».
Кіраўнік МУС Нэнсі Фезер распавяла газеце Süddeutsche Zeitung, што групоўка «ІГІЛ-Харасан» «цяпер уяўляе самую вялікую ісламісцкую пагрозу і ў Нямеччыне. Яна нагадала, што напярэдадні Калядаў у Кёльне ўдалося прадухіліць атаку тэрарыстаў з Таджыкістана, піша Bild.
Чытайце таксама:
Суд у Маскве арыштаваў чацвярых падазраваных у тэракце ў «Крокус Сіці Холе». Яны ўсе жорстка збітыя
Сярод загінулых у «Крокус Сіці Холе» ёсць беларуска
У «Крокусе» распавялі, як беларусы-ахоўнікі гераічна ратавалі людзей