«Яна была класнай мамай і класнай дачкой». Беларуска, што загінула ў «Крокусе», прыязджала на радзіму за некалькі дзён да смерці

Загінулая ў падмаскоўным тэракце 22 сакавіка 45-гадовая Ганна Волкава (да вяселля Сабалеўская) была родам з Брэста. Пра яе «Люстэрку» распавёў блізкі да жанчыны чалавек. 

25.03.2024 / 15:51

«Пару гадоў таму атрымала расійскае грамадзянства, але ад беларускага не адмаўлялася»

Апошні раз Васіль размаўляў з Ганнай некалькі тыдняў таму. Яна якраз была тады ў Беларусі, тэлефанавала з Брэста. Напярэдадні трагедыі вярнулася ў Маскву і напісала мужчыну, што прывезла з дому гасцінцы.

— У чацвер [21 сакавіка] ёй адказаў, што на выходных прыеду ў госці. І тады ж яна паставіла сэрцайка на маё паведамленне, маўляў, добра. Пасля гэтага мы больш не размаўлялі, — дзеліцца ён.

Ганна і яе муж Міхаіл любілі хадзіць разам на розныя мерапрыемствы, і пятнічны канцэрт гурта «Пікнік» не стаў выключэннем. Дачка беларускі Анастасія распавядала выданню «Известия», што жанчына вельмі хацела трапіць туды. У 20.16 яна тэлефанавала дачцэ, але тая не паспела зняць слухаўку. Больш беларуска не адказвала, і пазней дзяўчына даведалася, што яе бацькі загінулі.

З будучым мужам пазнаёміліся ў Мінску, куды Ганна прыехала вучыцца на псіхолага ў 1997 годзе. Да сустрэчы з Міхаілам у яе ўжо былі адносіны і дачка, але ў дэталі Васіль удавацца не хоча. Кажа толькі, што знаёмства з расіянінам змяніла жыццё беларускі.

@nashaniva Ответ пользователю @MariyaMixaylovskaya «Яна была класнай мамай і класнай дачкой». Што стала вядома пра беларуску, якая загінула ў Крокусе #крокус #крокусситихолл #беларусь #нашаніва #навіныбеларусі #беларусьновости #новостибеларуси #белорусы #брест ♬ Very Sad - Enchan

— У Мінску яна знайшла свайго каханага чалавека, да якога ў 2008 годзе пераехала ў Маскву. Ён быў адтуль родам, — успамінае суразмоўца. — Да таго ж яе найлепшая сяброўка таксама была ў Маскве. З Міхаілам у іх ёсць сумеснае дзіця, яму цяпер 13 гадоў. Жылі яны добра, у сваёй кватэры, не здымалі. Яна пару гадоў таму атрымала расійскае грамадзянства, але ад беларускага не адмаўлялася.

Мужу беларускі было 55 гадоў, ён па спецыяльнасці хімік-тэхнолаг, дапамагаў наладжваць бровары. У вольны час захапляўся акварыумістыкай, ствараў экасістэмы для жыцця розных рыб і земнаводных. Ганна ж у Расіі стала займацца дзіцячай і падлеткавай псіхалогіяй, дапамагала бацькам наладзіць узаемаадносіны са сваімі дзецьмі. Як распавядае Васіль, у яе быў свой кабінет на Чыстых Прудах.

— Яе кліенты дагэтуль тэлефануюць, — кажа ён. — Проста ёсць вельмі шмат людзей, якія ёй удзячныя за тое, што яна для іх зрабіла. Наогул яе многія вельмі любілі.

Напрыклад, яны з Міхаілам заўсёды на святы выбіраліся на прыроду, гатавалі шашлыкі і ўсё іншае. І збіралі вакол сябе шмат людзей. Бацькоў, якія засталіся ў Брэсце (бацьку Ганны цяпер 71, а маці 69 гадоў), яна таксама падтрымлівала, асабліва падчас каранавірусу, калі ў Беларусі пра гэта маўчалі і нічога не казалі. Перадавала ім розныя лекі, вітаміны, падтрымныя прэпараты. Яна была вельмі класнай мамай і вельмі класнай дачкой.

«Яна была за братэрства, за тое, каб усім было добра»

Вайну ва Украіне Васіль і Ганна ніколі ў дэталях не абмяркоўвалі, распавядае ён. Але ў гэтым пытанні жанчына выступала супраць любога гвалту. Са слоў суразмоўцы, у беларускі было шмат родных ва Украіне, і з некаторымі ўжо даўно няма сувязі.

— Не было думак ні за, ні супраць. Яна перажывала за людзей і з таго, і з другога боку, была наогул супраць любога гвалту, — апісвае мужчына. — Яна была за братэрства, за тое, каб усім было добра. Вось што я магу дакладна сказаць.

Для Васіля Ганна была вельмі блізкім чалавекам і ва ўсім падтрымлівала. Ён успамінае: у любой сітуацыі яна станавілася на яго бок і заўсёды была гатовая дапамагчы.

— Гэта адзіны чалавек, які мне казаў: «што б ні адбывалася, дзейнічай так, як лічыш патрэбным, а я буду стаяць побач і падаваць патроны», — дзеліцца ён. — Гэта значыць, яна была за мяне. Ёй было не важна, што адбывалася ў маім асабістым жыцці, з кім я разыходзіўся, з кім сустракаўся ці нешта яшчэ. Яна чалавек, які мяне падтрымліваў вельмі моцна. Калі ў яе нешта здаралася, я заўсёды дапамагаў.

Бацькі Ганны ўжо прыехалі ў Маскву і прабудуць тут прыкладна да канца красавіка.

Яе 13-гадовы сын, удакладняе Васіль, адзін не застанецца: сваякі ўжо заняліся пытаннямі апекі. Да таго ж у сям'і беларускі заўсёды былі цёплыя адносіны, і цяпер усе падтрымліваюць адзін аднаго. Яшчэ вельмі дапамагае салідарнасць ад навакольных, дадае ён.

— Больш за дзесяць аднакласнікаў Ані перадалі яе бацькам грошы на тое, каб … — робіць паўзу суразмоўца. — Ну, узялі ўдзел ва ўсім гэтым. Гэта значыць самі сабраліся і напісалі. І гэта менавіта аднакласнікі па школе. Проста яна была для ўсіх … Там жа раён маленькі, і шмат народу яе ведала…

Прадстаўнікі беларускага пасольства, наколькі вядома Васілю, з сям'ёй не звязваліся і дапамогу не прапаноўвалі. Родныя загінулай беларускай у сваю чаргу да іх таксама не звярталіся. Паводле папярэдняй інфармацыі, Ганну Волкаву пахаваюць на гэтым тыдні, у сераду або чацвер. Дакладнага часу і месца пакуль няма.

Чытайце таксама:

Родныя зніклага ў «Крокусе» жыхара Баранавіч паехалі на апазнанне

Што вядома пра ахоўніка-беларуса Вадзіма Куліка, які знік без вестак у «Крокусе»

«Ён у штучнай коме». Бацька беларускага ахоўніка з «Крокуса» пра стан сына

У «Крокусе» распавялі, як беларусы-ахоўнікі гераічна ратавалі людзей

Сярод загінулых у «Крокус Сіці Холе» ёсць беларуска

Nashaniva.com