Грузія выйшла на чэмпіянат Еўропы па футболе. І гэта мегасенсацыя

У серыі пенальці грузіны ў Тбілісі выйгралі ў Грэцыі — 4:2.

26.03.2024 / 22:52

У групавым турніры да чэмпіянату Еўропы грузіны ў сваёй групе фінішавалі наогул чацвёртымі, следам за Іспаніяй, Шатландыяй і Нарвегіяй. Грэкі — чэмпіёны Еўропы ў 2004 годзе — трэцімі следам за Францыяй і Нідэрландамі.

Але дзякуючы турніру Ліга Нацый і тыя, і другія атрымалі шанец адабрацца на кантынентальнае першынство праз стыкавыя матчы. Так званы шлях С.

У паўфінальным матчы Грузія ў чацвер выйграла ў Люксембурга — 2:0. А Грэцыя ў Афінах разграміла Казахстан — 5:0.

А сёння Грузія і Грэцыя гулялі міні-фінал у Тбілісі.

Асноўны і дадатковы час скончыліся 0:0, а ў серыі пенальці Грузія без зоркі італьянскага чэмпіянату Хвічы Кварацхеліі, якога замянілі на 110-й хвіліне, выйграла 4:2.

Упершыню ў гісторыі Грузія (галоўны трэнер — экс-зорка «Баварыі», француз Вілі Саньёль) прабілася на топ-турнір. Яна будзе гуляць у адной групе з Партугаліяй, Турцыяй і Чэхіяй.

Беларусь у гэты час гуляла таварыскі матч з Мальтай, які скончыўся з лікам 0:0. Узровень.

Праз шлях А на чэмпіянат Еўропы прабіваюцца Уэльс і Польшча,

а праз шлях B — Украіна і Ісландыя.

Гэтыя матчы пачаліся ў 22:45.

Чытайце таксама:

«Мяне проста дадалі ў групу ў месенджары і скінулі квіткі» — беларускі футбаліст пра тое, як даведаўся пра выклік у зборную

Чаму зборная Японіі па футболе пачынае ўсе матчы ў дзіўны час? Гульня з КНДР стартавала ў 19:23

Украіна за 5 хвілін да катастрофы перавярнула матч з Босніяй, а Казахстан разгромлены

Nashaniva.com