39 нобелеўскіх лаўрэатаў, уключна са Святланай Алексіевіч, заклікалі ўзмацніць падтрымку Украіны і не прызнаваць Пуціна прэзідэнтам

39 нобелеўскіх лаўрэатаў заклікалі сусветную супольнасць узмацніць падтрымку Украіны ў адбіцці расійскага ўварвання, падтрымаць дэмакратычную апазіцыю ў Расіі і не прызнаваць Уладзіміра Пуціна прэзідэнтам краіны. Зварот апублікаваны на сайце навуковага выдання «T-інварыянт».

27.03.2024 / 14:13

Фота: Sergey Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

«Вайна ва Украіне і забойства Аляксея Навальнага тычацца не толькі Расіі і Украіны. Рэжым Пуціна паказаў, што ён уяўляе сабой прамую і відавочную пагрозу ўсяму чалавецтву, — гаворыцца ў тэксце. — Чалавецтва здольна пазбегнуць самазнішчэння толькі пры выкананні прынцыпаў дэмакратыі і міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў чалавека. Рэжым Пуціна цынічна іх растаптаў… Мы заклікаем сусветных лідараў і ўсіх людзей добрай волі адмовіцца ад якіх-небудзь ілюзіяў адносна спадара Пуціна і ягонага злачыннага рэжыму».

У тэксце падкрэсліваецца, што аб пагрозе Пуціна свет папярэджвалі Навальны і іншыя лідары расійскай апазіцыі, «прытрымліваючыся іх вялікага папярэдніка», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 1975 года акадэміку Андрэю Сахараву. Для ўмацавання «надзей расіянаў на дэмакратычную будучыню» аўтары прапануюць забяспечыць, перамогу Украіны ў вайне з Расіяй.

Тэкст падпісалі 16 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне, 9 лаўрэатаў прэміі па фізіцы, 6 па хіміі, чатыры лаўрэаты прэміі па літаратуры і тры лаўрэаты прэміі міру.

Нумарам адзін у спісе ідзе нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Nashaniva.com