У Літве прэзідэнта абвінавацілі ў парушэнні прысягі і сувязях з беларускім бізнэсам

Часовая следчая камісія, якую стварылі ў Сейме Літвы ў кастрычніку 2023 года для расследавання імавернага ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары ў 2019 годзе, а таксама «незаконнага ўплыву» на разведку і пры ўвядзенні санкцый супраць Беларусі, абнародавала вынікі сваёй працы, піша «Радыё Свабода».

27.03.2024 / 17:00

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс дапамагаў тагачаснаму кандыдату ў прэзідэнты Гітанасу Наўседзе незаконна збіраць інфармацыю пра сваё атачэнне, у тым ліку членаў ягонай каманды і выбарчага штаба.

Паводле камісіі, у атачэнні Гітанаса Наўседы знайшлі некалькі дзясяткаў чалавек, якія ўяўляюць пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі праз цяперашнія або мінулыя сувязі з людзьмі, якія кантактуюць са спецслужбамі Расіі ці Беларусі. Некаторых з іх Наўседа нібыта планаваў прызначыць сваімі дарадцамі.

«Некаторыя члены перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Наўседы, а таксама сам Наўседа ў 2018-2019 гадах сустракаліся з асобамі, якія займаліся беларускім бізнэсам па вытворчасці ўгнаенняў, а таксама менеджарамі (акцыянерамі) і прадстаўнікамі камерцыйных кампаній», — адзначаецца ў высновах камісіі.

Гэтыя асобы маглі незаконна ўплываць на Наўседу, каб пазбегнуць санкцый на прадукцыю, рэалізацыяй якой яны займаліся.

Для дачы паказанняў на пасяджэнні камісіі запрашалі прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры Літвы, прадстаўнікоў выведкі, Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі, у тым ліку яго кіраўніка Даруса Яўнішкіса, прадстаўнікоў Выбарчай камісіі, МЗС і іншых міністэрстваў, дарадцаў Гітанаса Наўседы і самога дзейнага прэзідэнта, журналістаў Давідаса Панцэроваса і Біруце Давіданіце.

Сам Наўседа ад дачы паказанняў адмовіўся. Некаторыя літоўскія дэпутаты пабачылі ў гэтай акалічнасці парушэнне прэзідэнтам прысягі і падставу для імпічменту.

У адміністрацыі прэзідэнта Літвы заявілі, што разглядаюць гэтыя заявы як дыскрэдытацыю дзяржавы і яе Канстытуцыі.

«Камісія відавочна палітызаваная, складаецца з прадстаўнікоў кіроўнай большасці, і яе «высновы», без спробы шукаць аргументы ці доказы, накіраваныя не толькі супраць прэзідэнта, але і супраць шматлікіх дзяржаўных ведамстваў, у тым ліку і Дэпартамента дзяржбяспекі, Службы спецыяльных расследаванняў і Генеральнай пракуратуры», — адзначаецца ў каментары адміністрацыі Гітанаса Наўседы.

Пачалася гэтая гісторыя з таго, што ў 2020 годзе выданне BNS апублікавала артыкул аб звароце высокапастаўленага прадстаўніка літоўскай разведкі ў парламент і праваахоўныя органы з інфармацыяй аб незаконным зборы ў 2018-2019 гадах Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі звестак аб атачэнні Гітанаса Наўседы, які тады балатаваўся ў прэзідэнты.

У парламенце тады не змаглі падтрымаць ініцыятыву пра неабходнасць расследавання гэтага факту.

Але ў 2023 годзе літоўскія журналісты Давідас Панцэровас і Біруце Давіданіце, якіх дапытвала парламенцкая камісія, выдалі кнігу «Дакладчык і прэзідэнт», у якой зноў абнародавалі патэнцыйна нязручную для літоўскага прэзідэнта інфармацыю.

Пасля гэтага дэпутат Сейма Вітаўтас Бакас (Дэмакратычны саюз «Vardan Lietuvos») паўторна ініцыяваў парламенцкае расследаванне гэтай гісторыі, каб «папярэдзіць незаконнае фінансаванне выбараў і незаконны ўплыў на палітычную сістэму». 

Адпаведную камісію стварылі летась у кастрычніку. Пасяджэнні следчай камісіі праходзілі два разы на тыдзень, і часта — у закрытым рэжыме.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Літвы павіншаваў народ Беларусі з Днём Волі

Міністрам абароны Літвы стаў вядомы прыхільнік абмежаванняў супраць беларусаў

Прэзідэнт Літвы пракаментаваў напад на Леаніда Волкава — і заявіў, што Пуціна тут «ніхто не баіцца»

Прэзідэнт Літвы перадаў вітанне скандальна вядомаму беларускаму відэаблогеру. Як так выйшла?

Nashaniva.com