Станіслаў Салавей прызначаны намеснікам прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета 

У прадстаўніцтве Вольгі Гарбуновай ён будзе адказваць за пытанні ў сферы аховы здароўя. Асноўная задача, якая перад ім стаіць, — распрацоўка праекта рэформ сістэмы аховы здароўя пераходнага перыяду.

28.03.2024 / 14:29

Таксама Станіслаў Салавей будзе займацца адвакацыяй правоў беларускіх медыкаў у замежжы, паведамляе АПК.

Станіслаў Салавей — доктар, прафсаюзны лідар, грамадзянскі актывіст у сферы аховы здароўя.

У 2013 годзе скончыў БДМУ па спецыяльнасці «Лячэбная справа». З 2013 па 2016 год праходзіў інтэрнатуру і працаваў акушэрам-гінеколагам у РНПЦ «Маці і дзіця».

З 2016 па 2021 год — урач акушэр-гінеколаг, доктар ультрагукавой дыягностыкі ў 3-яй Гарадской клінічнай бальніцы. З 2021 па 2024 працаваў акушэрам-гінеколагам ва Украіне.

З 2021 года — прафсаюзны актывіст і старшыня галіновай прафсаюзнай арганізацыі медыкаў «Панацэя».

Удзельнік мірных пратэстаў 2020-2021 гг. Двойчы затрымліваўся па адміністрацыйным артыкуле 23.34, звольнены па палітычных матывах.

Валанцёр ва ўкраінскіх ініцыятывах беларускай дыяспары. Член Каардынацыйнай рады 2-га склікання.

Даследчык сістэмы беларускай аховы здароўя. Голас і ўдзельнік даследчага фільма пра рэаліі беларускай медыцыны «ГУпоЗ». Займаўся навуковай працай, у 2019 годзе атрымаў прэмію за навуковыя дасягненні.

Nashaniva.com