Якія змены ў законе па «дармаедах» чакаюцца з 1 красавіка
У Беларусі зменіцца парадак фармавання базы нязанятых у эканоміцы.
29.03.2024 / 19:10
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Пачынаючы з красавіка, базу «дармаедаў» будуць абнаўляць кожны месяц. Раней гэта рабілі раз у тры месяцы.
Якія змены ўжо набылі моц з пачатку года
Пры фармаванні базы не занятых у эканоміцы ўлічваюць інфармацыю ад МУС Расійскай Федэрацыі. Штомесяц да 20-га чысла ведамства перадае ў Дзяржпагранкамітэт звесткі пра беларусаў, якія выехалі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ці заехалі туды.
Таму выезд або вылет у іншую краіну праз РФ не дапаможа абысці 30-дзённы ліміт знаходжання за мяжой, перавысіўшы які, чалавек трапляе ў базу не занятых у эканоміцы. Нагадаем, што ўласнікі жытла, якіх дзяржава прызнала «дармаедамі», аплачваюць камунальная паслугі па поўнымі тарыфе.
Пры гэтым, калі чалавек працуе ў РФ і адпаведна знаходзіцца за межамі Беларусі больш за 30 дзён, ён не лічыцца дармаедам. А вось з працай у Еўропе — лічыцца. З гэтай прычыны беларускія дальнабойшчыкі, якія працуюць у ЕС, калі яны ўладальнікі жытла, вымушаны плаціць за камуналку больш.
З пачатку года змены закранулі індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі зарэгістравацца ў якасці ІП недастаткова. Трэба, каб ІП ажыццяўлялі дзейнасць і плацілі падаткі: адзіны або падаходны.
Таксама з лютага не лічаць дармаедамі тых, хто здае памяшканні або машына-месцы ў арэнду і выплачвае падаходны падатак з фізасоб у фіксаваных сумах.
Нагадаем, што не лічацца дармаедамі і самазанятыя грамадзяне. Але ёсць нюанс. Для самазанятых прадугледжаныя падатковыя льготы на першыя 2000 рублёў прыбытку. Калі самазаняты пакажа, што атрымаў ад сваёй дзейнасці менш за 2000 рублёў, то плаціць падатак на прафесійны даход не трэба. Адпаведна, калі чалавек не плаціць падаткі, то лічыцца не занятым у эканоміцы.
Фермеры і ўладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, каб не патрапіць у базу дармаедаў, не павінны выязджаць з краіны больш чым на 30 дзён.
Чытайце таксама:
Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень
З ліпеня ІП змогуць падаваць у падатковую толькі электронную дэкларацыю. Паслуга не бясплатная
Самазанятыя пачалі атрымліваць лісты пра залічэнне ў дармаеды. Як такое магчыма?