У Гомелі распісалі міжраённыя квоты на запаўненне залы падчас канцэрту да «Дня яднання Беларусі і Расіі»
У Гомельскім аблвыканкаме распрацавалі план правядзення прапагандысцкага мерапрыемства з нагоды так званага «Дня яднання народаў Беларусі і Расіі». Выданне «Флагшток» здабыло копію гэтага плана, падпісанага старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко.
29.03.2024 / 17:19
Леташні аналагічны канцэрт у Гомельскім АКЦ. Фота: урад Бранскай вобласці
У дакуменце прыводзяцца квоты для «забеспячэння яўкі прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскасці, дэлегацый раёнаў» на канцэрт 2 красавіка ў Гомельскім грамадска-культурным цэнтры.
Прысутнасць найбольшай колькасці гледачоў патрабуецца ад Гомеля — 580 чалавек. Адказнасць за такую яўку ўскладзена на старшыню гарвыканкама Уладзіміра Прывалава. Гомельскі раён павінен забяспечыць яўку 100 гледачоў.
На астатнія раёны размеркаваныя значна больш сціплыя квоты: па 20 чалавек — ад Добрушскага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага і Светлагорскага раёнаў. З рэшты раёнаў патрабуецца прыезд груп па 10 чалавек. Адказныя за гэта старшыні райвыканкамаў.
Фрагмент працоўнага плана падрыхтоўкі з квотамі гледачоў
У дакуменце гаворыцца таксама аб неабходнасці яўкі ветэранаў, моладзі, «патрыятычнай грамадскасці», распрацаваная схема рассаджвання ў зале.
Акрамя таго, дакумент змяшчае пункты аб выдатках на прыём дэлегацый з абласцей Расіі, сувеніры і кветкі ўдзельнікам канцэрту (харчаванне прадугледжана толькі для расійскіх артыстаў).
Сказана і пра неабходнасць размяшчэння ў горадзе святочнай атрыбутыкі (не менш за адну расцяжку на раён), дадзена даручэнне аб тэматычных публікацыях у рэгіянальных дзяржСМІ.
За падрыхтоўку выступлення Івана Крупко на канцэрце адказнасць ускладзеная адразу на траіх ідэалагічных работнікаў.
Чытайце таксама:
У Гомелі закрываюць найбуйнейшы спартыўны клуб — прычыны, напэўна, палітычныя
На Палессі русіфікуюць стэлу з назвай горада, дзе большасць людзей лічыць роднай беларускую мову