Літоўская мытня затрымала аўтамабіль, які пераганяў беларус
На мяжы затрымалі BMW X1, які грамадзянін Беларусі набыў у Еўропе.
29.03.2024 / 19:34
Аўтамабіль, які беларус намагаўся вывезці з ЕС у Беларусь. Фота: lrmuitine.lt
Не паверылі, што набыў для асабістага карыстання
Як паведамляюць мытныя органы Літвы, калі беларус праходзіў кантроль у пункце пропуску «Шальчанінкай», мытнікі на падставе прадстаўленых даных палічылі, што ён перавозіць аўтамабілі з ЕС у трэція краіны ў камерцыйных мэтах.
У выніку BMW X1 коштам 26 230 еўра затрымалі. На беларуса, які вывозіў аўтамабіль, склалі адміністрацыйны пратакол. Яго вінавацяць у парушэнні міжнародных санкцый або абмежавальных мер, устаноўленых заканадаўствам Літвы. Чалавеку пагражае штраф і канфіскацыя аўто.
Як літоўская мытня магла прыйсці да такой высновы?
Рэч у тым, што Літва ўжо каля двух гадоў не прапускае праз сваю мяжу аўтамабілі, набытыя ў ЕС, калі за стырном знаходзіцца не пакупнік аўтамабіля, а іншы чалавек. Такіх асоб прыраўноўваюць да перавозчыкаў, а санкцыі забараняюць беларускім перавозчыкам працаваць на тэрыторыі ЕС.
Каб абысці гэтыя абмежаванні і без перашкод перасекчы літоўска-беларускую мяжу, некаторыя перагоншчыкі набывалі аўтамабіль на сваё імя, кожны раз афармляючы экспартныя дэкларацыі (ЕХ) таксама на сябе. Верагодна, з гэтай прычыны літоўскім мытнікам удалося адсачыць, што беларус ужо не першы раз за кароткі перыяд часу купляе ў Еўропе аўтамабіль і вязе яго ў Беларусь.
Ці можна купляць аўто для сябе?
Беларусы маюць права набываць для сябе аўтамабілі ў ЕС з любым аб'ёмам рухавіка ў незалежнасці ад кошту. Пры гэтым, яшчэ на этапе афармлення экспартнай дэкларацыі ў Літве мытня патрабуе ад грамадзян Беларусі пісаць распіску, у якой пакупнік пацвярджае, што абязуецца выкарыстоўваць машыну для асабістага карыстання, а не для перапродажу ў Расію.
Раней «Нашай Ніве» адзін з перагоншчыкаў распавядаў пра кейс, калі польская мытня адмовілася выпускаць аўтамабілі, якія былі нібыта прызначаныя для экспарту ў Казахстан. Польскі мытнік пры перавозчыку знайшоў раней экспартаваныя гэтай фірмай машыны ў продажы на расійскім сайце.
Магчыма, і ў гэтым выпадку літоўскім мытнікам удалося знайсці інфармацыю, якая даказвае, што ўвезеныя раней беларусам машыны «для асабістага карыстання» знаходзяцца ў продажы.
Чытайце таксама:
«Пры мне шукалі аб'явы на Авіта». Беларускі перагоншчык машын з ЕС у Расію расказаў, як палякі знайшлі ўправу на яго
Чаму паток люксавых аўто ішоў праз Польшчу і як іх будуць увозіць цяпер
Не толькі люксавыя аўтамабілі. Якія яшчэ тавары могуць забараніць вывозіць з Польшчы ў Беларусь