Беларускія велікодныя традыцыі ў пытаннях і адказах
Сёлета католікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень 31 сакавіка, а праваслаўныя — 5 мая. Чаму такая розніца? Якія дахрысціянскія складнікі гэтага свята і яго галоўныя сімвалы? Як Вялікдзень звязаны з культам продкаў? Ці актуальныя вясковыя традыцыі для гарадскога чалавека? «Будзьма» прапануе адказы на пытанні.
30.03.2024 / 09:51
Чаму католікі і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень у розны час?
Вялікдзень — рухомае свята (не мае сталай даты ў календары). Разлік даты яго святкавання такі: першая нядзеля пасля поўні, якая наступіла пасля дня вясновага раўнадзенства. Розніца ў тым, што католікі выкарыстоўваюць грыгарыянскі каляндар, адпаведна якому раўнадзенства, як і астранамічная з’ява, калі дзень роўны ночы, наступае 21 сакавіка.
Праваслаўныя ж карыстаюцца юліянскім календаром, які запознены адносна рэальнага руху свяціл на небе, і адпаведна якому днём раўнадзенства лічыцца 3 красавіка, таму Вялікдзень не можа наступіць раней за наступны дзень. Адпаведна статыстыцы, каля траціны гадоў каталіцкі Вялікдзень супадае з праваслаўным, амаль у палове выпадкаў апярэджвае яго на тыдзень, у 5% — на 4 тыдні, а ў кожным пятым выпадку — на 5 тыдняў.
Хрысціянскі сэнс Вялікадня, бадай, усім вядомы — уваскрашэнне Ісуса Хрыста. А якія дахрысціянскія складнікі гэтага свята?
Праваслаўны святар асвячае велікодную ежу ў в. Данілевічы Лельчыцкага р-на. 2016 г.
Даследчыкі лічаць, што адзначэнне ўваскрашэння Ісуса з прыняццем хрысціянства наклалася на больш старажытнае свята, а хутчэй нават цыкл свят, звязаных з пачаткам новага сельскагаспадарчага года, земляробчага сезона. Для сучаснага гарадскога нерэлігійнага беларуса Вялікдзень, бадай, пазначае сапраўдны прыход вясны, якая заяўляе пра сябе ў публічнай прасторы кветкамі 8 Сакавіка.
Таму мы прыбіраемся, мыем вокны, выкідаем непатрэбныя рэчы — робім тое ж, што і нашы вясковыя продкі, хай і ўкладаючы ў гэтыя дзеянні практычны сэнс, а не сімвалічны — новага пачатку і адраджэння Сусвету. Вяскоўцы да Вялікадня парадкуюць не толькі ўласную хату і падворак, але і грамадскую прастору: мяняюць убранне ў храмах, на прыдарожных крыжах.
Велікодны звычай замены тэкстылю на каменных аброчных крыжах, якія завуць «дзевачкамі», захоўваецца ў Лельчыцкім раёне.
Недарма савецкая ўлада галоўныя суботнікі ў годзе прымяркоўвала да веснавога перыяду (апелюючы да дня народзінаў Леніна 22 красавіка). Ну бо, падавалася б, чаму не да восеньскай гадавіны рэвалюцыі? Як бачым, не толькі хрысціянская царква апелюе надаваннем новых сэнсаў старым формам.
Гарадскія людзі сёння таксама могуць звярнуць увагу на прастору вакол сябе і падумаць, як можна зрабіць яе больш прывабнай і зручнай для сябе і суседзяў. Для гэтага, канечне, можна і не чакаць Вялікадня, але свята ўсё ж — даволі добрая нагода.
Якія галоўныя сімвалы Вялікадня?
Бадай, галоўнымі сімваламі свята лічацца фарбаваныя яйкі і выпечка з пшанічнай мукі, якая ў розных мясцовасцях магла звацца булка, пасха, куліч, баба, мазурка, пірог.
Чырвонае яйка ў хрысціянстве сімвалізуе вечнае жыццё Ісуса Хрыста, яго кроў, але, калі паглядзець глыбей, гэта яшчэ дахрысціянскі сімвал зараджэння новага жыцця, абнаўлення і гармоніі Сусвету. Булкі з цеста на заквасцы таксама сімвалізуюць адраджэнне жыцця, якое ўвасабляецца «жывым» цестам, што падымаецца ў дзяжы. Адно з хрысціянскіх тлумачэнняў — увасабленне цела Хрыста.
Булкі разам з яйкамі асвячаюцца ў царкве, але для сялян яны мелі акрамя рэлігійнага значэння сімвалаў Вялікадня і свецкае, практычнае вымярэнне — гэта была святочная ежа, якую штодня ў большасці гаспадарак не маглі сабе дазволіць. Сучасны гарадскі чалавек сярэдняй заможнасці праз падвышэнне дабрабыту, бадай, страціў адчуванне падзелу ежы на штодзённую і святочную. Ежа нашых вясковых продкаў хутчэй наадварот успрымаецца як простая і захоўвае толькі сімвалічны сэнс. То чаму б да яе не вярнуцца ў свята, і не ўзгадаць, што яшчэ нашы бацькі мелі зусім іншае, можа, больш экалагічная меню, з мясцовых прадуктаў?
Якія натуральныя фарбавальнікі можна выкарыстаць для яек?
Найчасцей яйкі на Вялікдзень фарбуюць у чырвоны колер у адвары шалупіння ад цыбулі. Можна нанесці на яйка ўзор воскам ці прывязаць лісточкі, тады пасля трымання ў адвары цыбульніку ўзор на яйку захавае натуральны колер шкарлупіны.
Нефарбаванымі, белымі альбо іншага адцення яйкі заставаліся ў сем’ях, дзе нехта памёр на працягу года, што папярэднічаў Вялікадню. Але часам на святочным стале маглі з’явіцца фарбаваныя яйкі адрознага ад чырвонага колеру:
чорны даваў настой альховай кары і ржавага жалеза,
зялёны — маладога жыта ці бярозавых лісткоў,
жоўты — яблыневай кары, коцікаў таполі ці сянной пацярухі,
карычневы — узвар шалупіння грэчкі.
Як Вялікдзень звязаны з культам продкаў?
У большасці лакальных беларускіх традыцый на час каля Вялікадня прыпадае адна з дат памінання продкаў у праваслаўных, калі ходзяць на могілкі і пакідаюць там яйкі ды іншую велікодную ежу. Увогуле памінанні продкаў, Дзяды, маглі ладзіцца напярэдадні ці не кожнага вялікага каляндарнага свята. Католікі звычайна мелі адно памінанне на працягу года — 1—2 лістапада.
Звычайна адна з памінальных дат у праваслаўных прыходзілася на велікодны перыяд — на могілкі хадзілі ці ўласна на Вялікдзень, ці ў чацвер, нядзелю, праз панядзелак ці праз аўторак пасля яго (на Радаўніцу). Гэта дала падставу даследчыку Сямёну Гутнову, вынікі даследавання якога мы публікавалі, казаць, што «Радаўніца — гэта парасонавае паняцце. Бо не існуе нейкай адзінай Радаўніцы, гэта сукупнасць вясенніх памінальных дзён». Але Радаўніца / Радуніца — гэта канкрэтная дата, дзявяты дзень пасля Вялікадня, аўторак. Іншыя памінальныя дні ў гэты перыяд маюць уласныя назвы — Наўскі Вялікдзень (чацвер), Праводная нядзеля.
Таму можна сказаць, што (восеньскія) Дзяды — нашмат больш парасонавае паняцце, чым Радаўніца, бо восеньскае памінанне ў праваслаўных не абавязкова прыпадала на шырока вядомыя Змітраўскія Дзяды. У некаторых мясцовых традыцыях галоўным восеньскім памінаннем продкаў былі Узвіжанскія, Пакроўскія, Казанскія, Кузьмы-Дзям’янавы, Міхайлаўскія ці Піліпаўскія Дзяды — перад аднайменным святамі ці постам.
Яшчэ Сямён Гутноў сцвярджае, што Дзяды ствараюць семантычную апазіцыю Радаўніцы. Але Радаўніца — гэта, па сутнасці, тыя ж Дзяды, і нават існуюць мясцовыя назвы Радонецкія, Радонішскія, Радоўнічныя, Велікодныя Дзяды. То бок Радаўніца — гэта від Дзядоў і яна не можа знаходзіцца ў семантычнай апазіцыі да больш агульнага паняцця. Калі маюцца на ўвазе восеньскія Дзяды і іх роля ў сучасным святочным календары Рэспублікі Беларусь — то апазіцыя, канечне, ёсць. Але тады мы назіраем звужэнне першапачатковага сэнсу слова Дзяды адносна ранейшага «любое памінанне продкаў на працягу года».
Падобныя думкі даводзілася чуць і ад польскіх даследчыкаў, якія займаліся беларускімі памінальнымі традыцыямі: «Дзяды — гэта восень», «Праваслаўныя пераймаюць Дзень усіх святых». Праўда, у прыватных размовах высвятлялася, што калегі такім чынам акрэсліваюць свае назіранні аб стане жывой традыцыі на момант даследаванняў (пачынаючы з 1990-х гадоў), ведаючы аб гістарычна развітой культуры памінання продкаў сярод праваслаўных беларусаў.
Сямён Гутноў таксама піша, што «Дзяды… гэта: а) заходняя, б) каталіцкая традыцыя». Але праваслаўныя па ўсёй Беларусі адзначалі Дзяды некалькі разоў на год і звычайна маюць і нейкую восеньскую, і нейкую вясновую дату памінання продкаў, уласна ў велікодны час.
Чытайце таксама:
У цэнтры Мінска прайшоў Крыжовы шлях ФОТАРЭПАРТАЖ
Стаў вядомы расклад цэлебрацый на Вялікі тыдзень і Вялікдзень у беларускіх супольнасцях у Польшчы