Прыватная стаматалогія раптоўна паведаміла, што з 1 красавіка прыпыняе прыём кліентаў
У сацыяльных сетках прыватнай стаматалогіі «Апрель» з’явілася паведамленне, што з 1 красавіка клініка часова прыпыняе прыём пацыентаў. Кліентам прапануюць перазапісацца на май, але без гарантыі.
31.03.2024 / 17:02
Стаматалогія «Апрель». Фота: «Яндэкс Карты»
Прыватная клініка «Апрель» аказвае комплекснае стаматалагічнае лячэнне. Знаходзіцца яна ў вёсцы Каралёў Стан (9 кіламетраў ад Мінска ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта). Побач з клінікай ёсць яе міні-гатэль, у якім могуць спыніцца як кліенты, так і звычайныя падарожнікі. Дарэчы, гатэль працягвае працаваць ў штатным рэжыме.
У афіцыйным паведамленні пра прыпыненне працы стаматалогіі ўдакладняецца, што каманда робіць усё магчымае, каб прыём аднавіўся як мага хутчэй. Але прычыны такой паўзы не паведамляюцца. Супрацоўнікі клінікі прапануюць запісацца на май у ліст перадзапісу.
Скрыншот старонкі стаматалогіі «Апрель» у інстаграме
Наколькі вядома «Нашай Ніве», Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію «Апрель-клиник». Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма ні на сайце міністэрства, ні ў яго тэлеграм-канале.
Пасля 2020 года аналагічныя сітуацыі адбываліся неаднаразова. Мінздароўя раптоўна ставіла на паўзу працу розных прыватных медцэнтраў — ад маленькіх і не вельмі вядомых да гігантаў кшталту «ЛАДЭ». Вярнуцца да працы ў выніку змаглі не ўсе.
Чытайце таксама:
«Я не ягня і іх не баюся» — уладальнік клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін даў вялікае інтэрв'ю
Піневіч: Закрытыя медцэнтры хутка адкрыюцца
Мінаховы здароўя закрыла адзін медцэнтр, а дзейнасць двух аднавіла