Памянялі закон аб крэдытных гісторыях. Што зменіцца?

У Беларусі змянілі закон «Аб крэдытных гісторыях». Адпаведны дакумент падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА. Звесткі з гэтага дакумента ўплываюць на тое, дадуць грамадзяніну Беларусі грошы ў банку ці не.

01.04.2024 / 21:18

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Наша Ніва

Палажэнні закона, сцвярджаецца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі, «накіраваныя на павышэнне ўзроўню абароненасці суб'ектаў крэдытнай гісторыі ад ашуканскіх дзеянняў, а таксама на прадухіленне нядобрасумленнага выкарыстання крэдытных справаздач карыстальнікамі крэдытных гісторый».

Галоўныя папраўкі закранулі крыніцы фарміравання крэдытных гісторый. Да змены закона да іх адносіліся банкі, МФА і лізінгавыя кампаніі. Менавіта яны перадаюць у Нацбанк звесткі па крэдытных і іншых дамовах, якія заключылі з грамадзянамі, піша Tochka.by.

Цяпер спіс пашырылі і ўключылі ў яго юрыдычных асоб, якія рэалізуюць тавары, работы, паслугі на ўмовах адтэрміноўкі або растэрміноўкі аплаты, напрыклад, буйныя анлайн-крамы (такія як 21vek.by) і мабільныя аператары.

Распрацоўшчыкі паправак у закон №441-З лічаць, што гэта дазволіць больш дакладна ацэньваць крэдытаздольнасць беларусаў і нагрузку ў частцы даўгоў. Пры гэтым у крэдытныя гісторыі не трапіць інфармацыя пра дамовы мікрапазыкі, па якіх грамадзяне перадаюць ламбарду ў заклад рухомую маёмасць.

Гэта звязана з тым, што даўгі па такіх мікрапазыках не аказваюць істотнага ўплыву на плацежаздольнасць грамадзян і іх крэдытныя рэйтынгі.

Новаўвядзенні закрануць і крэдытныя справаздачы.

Па-першае, грамадзянін зможа забараняць Нацбанку даваць справаздачу пра яго крэдытную гісторыю банкам, МФА, лізінгавым фірмам, мабільным аператарам, арганізацыям гандлю.

Па-другое, цяпер сам грамадзянін можа атрымаць крэдытную справаздачу бясплатна два разы на год. Да паправак у закон гэта можна было зрабіць толькі адзін раз.

Чытайце таксама:

Лукашэнка падпісаў закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі»

Самазанятых і рамеснікаў абавяжуць плаціць унёскі ў фонд сацабароны

У Беларусі забаранілі прадаваць папулярныя пральныя капсулы і парашок

Nashaniva.com