«Беларускамоўнага беларуса да 2020 года бачыў адзін раз». AP$ENT рэзка раскрытыкаваў «літаратурны гурток» у твітары 

Папулярны музыкант таксама прайшоўся па беларускіх блогерах і тых, хто эксплуатуе нацыянальную сімволіку. 

02.04.2024 / 18:16

Арсень Кісляк у падкасце «#1 Гікаўскі». Скрыншот відэа

Беларускі музыкант AP$ENT (сапраўднае імя — Арсень Кісляк) з'явіўся ў апошнім выпуску падкаста «#1 Гікаўскі», распавёўшы пра сваю папулярнасць, блакіроўку ў Расіі і складаныя адносіны з беларускім грамадствам. 

Адказваючы на пытанне аднаго з вядоўцаў, чаму ён выдаліўся з твітара, Арсень Кісляк патлумачыў, што няправільна пачаў яго развіваць і ўсё скончылася поўным правалам. Для яго твітар быў адзіным сродкам сувязі з беларускамоўнай аўдыторыяй, таму ён плануе яго аднавіць, хоць моўнае пытанне для яго застаецца складанай тэмай.

«Калі шчыра разабрацца, гэта насамрэч вялікая праблема. Вось у нас у Беларусі ёсць людзі рускамоўныя, ёсць беларускамоўныя — я нікога не асуджаю. Я нарадзіўся ў Харкаве, вырас у Магілёве, я беларускамоўнага беларуса за сваё жыццё бачыў адзін раз да 2020 года», — пачаў свой адказ беларускі музыкант.

Але пасля ягоны адказ стаў больш рэзкім і эмацыйным: 

«Пачалася вайна, пачаліся ўсе гэтыя праблемы. Людзі перасталі разумець, хто іх сябар, хто іх вораг. Нам беларусам, асабліва якія з'язджаюць з Беларусі, патрэбныя сябры. Трэба неяк сябе знайсці, сваю кампанію, нам патрэбна дапамога.

І ты прыходзіш у твітар, а там проста вось гэты «літаратурны гурток», балота. І ты такі: «Прывітанне, я таксама беларус і нават таксама хацеў бы на беларускай размаўляць, што я магу зрабіць на мове?». І табе адразу: «На якой мове?» — перадражнівае спявак твітарчукоў. 

— «Мова» ёсць усяго на дзвюх мовах, гэта ўкраінская і беларуская, усё астатняе «ензык», «язык». І табе пачынаюць адразу накідваць струкоў. Я прыходжу і мне накідваюць. «Ні***асе сабе, а чо так?» Я тыпу нікому нічога дрэннага не раблю, песенькі для вас тут пішу.

Пачынаецца «ён не беларус, у яго толькі дзве беларускамоўныя песні». І ты такі: «ах ты паскуда яб***ая. Пяць!!!».

Навошта мне пісаць больш беларускамоўных песень, калі ты, мр**ота, змагла спажыць толькі дзве з пяці?»

Рэакцыя беларускага твітара на словы папулярнага музыканта. 

Гэтыя рэзкія выказвані ўзрушылі «балота» беларускага твітара і паднялі яшчэ большую хвалю хэйту супраць спевака. Музыканта па ўжытай лексіцы параўналі з адмінам «Жоўтых зліваў» і копірайтарам Лукашэнкі, назвалі пакрыўджаным хлопчыкам, «чалавекам з народа», які выступае за «адзін нормальный язык». 

«Абажаю такіх дзюндзікаў, якія на хвалі вайны перайшлі на беларускую, а потым праз пару месяцаў вярнуліся да расейскай. Бо іх недастаткова па галоўцы гладзілі і нават (о, божа) папраўлялі!» — абурыўся адзін з твітарчукоў. 

На думку Кісляка, каб прасоўваць беларускую культуру, што ён вельмі падтрымлівае, трэба спачатку стаць кімсьці ў глабалізаваным свеце, як, напрыклад, гэта зрабіў армянскі гурт System of a Down. 

Правал у твітары быў не адзіным для музыканта негатыўным досведам зносінаў з беларускай супольнасцю. Ён распавёў пра эксплуатацыю беларускай сімволікі і крывадушнасць звязаных з яе продажам людзей, з якой ён сутыкнуўся ў эміграцыі.

Яшчэ адзін боль — тыя нечаканыя складанасці і поўнае ігнараванне, з якімі ён сутыкнуўся пры падрыхтоўцы да канцэрта ў Вільні, які адбыўся ў канцы лістапада мінулага года. 

«Канцэрт у Вільні прайшоў комам. Мы пачалі рыхтаваць канцэрт, рэклама была супердарагая, бо гэта была «чорная пятніца».

Сталі тэлефанаваць блогерам і пачаліся цуды. Мы зразумелі, што ў нас практычна няма сяброў. Пісалі Ляўчук — адмовіла, Сныціна наогул заблакавала, Ветрава не адказала, ну можа сапраўды была занятая. Мы атрымалі ўсюды адмовы. І гэта толькі тыя, пра каго я памятаю».

Нядаўняе блакаванне Раскамнаглядам яго профіля на стрымінгавай платформе «Яндэкс Музыка» спявак дакладна патлумачыць не змог.

«Гэта ўнікальны выпадак, да гэтага так нікога не забаранялі на Яндэксе».

Чытайце таксама:

«Тожабеларусы». Новае жыццё палітычнага клішэ стагадовай даўніны

Песня пра вымушаную міграцыю стала гімнам коцікаў: завірусіўся трэк беларускага спевака AP$ENT

«Яндэкс Музыка» заблакавала старонку шалёна папулярнага беларускага выканаўцы Ap$ent

Раскамнагляд назваў прычыны блакіроўкі старонкі беларускага артыста Ap$ent на стрымінгах

Nashaniva.com