19-гадовы беларускі форвард падпісаў кантракт з «Анахаймам» з НХЛ
Трохгадовае пагадненне пачнецца з сезона-2024/25.
04.04.2024 / 08:47
Ягор Сідараў. Фота: nhl.com
У гэтым хакейным годзе Ягор Сідараў лідзіраваў у Заходняй хакейнай лізе (WHL) па колькасці пераможных галоў (12), займаў трэцяе месца па колькасці галоў у большасці (16) і быў чацвёртым з 50 галамі ў рэгулярным сезоне, набраўшы 88 (50+38) балаў пры паказчыку карыснасці «+8» і 66 штрафных хвілінах у 66 матчах у складзе «Саскатун Блейдс», піша «Беларускі хакей»
Ягор стаў першым гульцом «Блэйдс», які забіў 50 галоў за сезон з сезона-1995-96, і адным з дзевяці гульцоў WHL з 50-галявым сезонам за апошнія пяць гадоў.
Усяго ўраджэнец Віцебска набраў 199 (113+86) балаў пры карыснасці «+31» і 128 хвілінах штрафу ў 177 матчах у складзе «Саскатуна» за ўвесь час
Калі Ягор загуляе ў Нацыянальнай хакейнай лізе, то ён стане там 16-м беларускім хакеістам, з улікам хакеістаў, што правялі ўсяго матч-два.
Лідарам па колькасці паядынкаў з'яўляецца абаронца зборнай Беларусі Руслан Салей, які згуляў у наймацнейшай лізе свету 917 матчаў, 10 сезонаў правёўшы за «Анахайм», а таксама гуляўшы за «Фларыду», «Каларада» і «Дэтройт».
Сёння ў НХЛ гуляюць Ягор Шаранговіч («Калгары») і Аляксей Протас («Вашынгтон»).
Шэсць матчаў правёў за «Калгары» Ілля Салаўёў і быў адпраўлены ў фарм-клуб, згуляў адзін матч Уладзіслаў Калячонак («Арызона»).
У сакавіку адправіўся ў «Філадэльфію» варатар Аляксей Коласаў, але, відаць, у гэтым сезоне ён у НХЛ не загуляе.
Чытайце таксама:
Яшчэ адзін беларус адправіўся за акіян скараць НХЛ