Шпакоўскі пагражае расійскаму «Коммерсанту» блакіроўкай на тэрыторыі Беларусі

Дарадца беларускай амбасады ў РФ Аляксандр Шпакоўскі прыгразіў блакаваннем «Коммерсанту» за артыкул нібыта аб намеры Беларусі адмовіцца ад абслугоўвання плацежных картак сістэмы «Мир».

04.04.2024 / 10:10

«3 красавіка выданнем «Коммерсант» была апублікаваная паклёпніцкая інфармацыя пра нібыта намер Рэспублікі Беларусь адмовіцца ад абслугоўвання плацежных картак сістэмы «Мир», піша Шпакоўскі ў тэлеграме. 

Паводле яго, гэту інфармацыю з «Коммерсанта» перапосцілі іншыя рэсурсы. 

«Неабходна падкрэсліць, што публікацыя «Коммерсанта» мае ўсе прыкметы класічнай інфармацыйнай дыверсіі, накіраванай на падрыў даверу ўнутры Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», — піша Шпакоўскі.

Паводле яго, «паклёп («укід») публікуецца напярэдадні перамоваў кіраўніцтва Цэнтрабанка РФ і Нацбанка Рэспублікі Беларусь».

«Такім чынам, шляхам свядомай дэзынфармацыі шырокай грамадскасці нанесена адчувальная шкода іміджу Рэспублікі Беларусь і беларуска-расійскім адносінам. Пытанне «Каму выгадна?» застаецца адкрытым», — піша ён. 

І пагражае, што «ў працэсе прыняцця мер рэагавання Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь могуць быць прыняты рашэнні па блакаванні рэсурсу «Коммерсант» у беларускім лічбавым сегменце». 

Між тым, у артыкуле «Коммерсант» напісаў пра захаванне супрацоўніцтва «Мира» з сістэмай «Белкарт». Паводле выдання, існуюць рызыкі праз другасныя санкцыі, але рызыкі спынення супрацоўніцтва менавата з «Белкарт» — мінімальныя.

Чытайце таксама:

Пасол Круты назваў «спланаванай правакацыяй» з’яўленне Агурбаш на Першым канале. Ён напісаў ліст Эрнсту

Стаў вядомы прысуд у Расіі за БЧБ-аватарку

З сайта маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі знікла старонка палітолага Суздальцава. Імаверна, праз пераслед беларускімі ўладамі

Nashaniva.com