У Гродне ў доме знойдзены мёртвымі муж і жонка

Раніцай 18 сакавіка пенсіянерка з Гродна адправілася дамоў да сваёй 44-гадовай дачкі, бо апошняя не адказвала на яе званкі. Брамка, якая вядзе на двор, была зачынена. У адным з пакояў на падлозе ляжала нежывая яе дачка, на твары і шыі былі шматлікія гематомы, у іншым — 51-летні зяць. 

04.04.2024 / 11:35

Як піша СК, 44-гадовая жанчына перастала выходзіць на сувязь з вечара 16 сакавіка. Трывогу забілі яе дочкі, якія жывуць за мяжою, менавіта яны папрасілі бабулю наведаць бацькоў. 

Следчыя разглядаюць некалькі версій здарэння. Паводле адной з іх мужчына збіў жанчыну, а пасля задушыў. А калі ўсвядоміў, што жонка не падае прыкмет жыцця, вырашыў «замесці» сляды, пра што сведчаць выяўленыя ў ванным пакоі, у тым ліку і ў пральнай машыне, скрываўленыя рэчы, а таксама замытыя сляды крыві на дыване ў пакоі. Пасля чаго мужчына здзейсніў самагубства.

Устаноўлена, што незадоўга да здарэння паміж мужам і жонкай адбыўся канфлікт. Аднак пасля яны прымірыліся, працягнулі пражываць сумесна.

Узбуджана крымінальная справа па артыкуле «Забойства».

Гэта ўжо трэці такі выпадак за месяц, які стаў вядомы грамадскасці.

Раніцай 26 сакавіка ў экстранныя службы паступіла паведамленне аб выяўленні цела 73-гадовага мужчыны з прыкметамі падзення з вышыні каля дома па вуліцы Мірашнічэнкі. У кватэры загінулага міліцыянты знайшлі мёртвай 71-гадовую жанчыну са шматлікімі нажавымі раненнямі. Па версіі СК, мужчына забіў жонку і пакончыў з сабой.

15 сакавіка жыхар Століна, паводле СК, забіў жонку і паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам — ён урэзаўся ў стэлу з назвай горада. 

Чытайце таксама:

На Віцебшчыне раскрылі забойства, якое адбылося 25 год таму

«Халасцяк без вышэйшай адукацыі». У Беларусі вызначылі партрэт тыповага педафіла

Следчы камітэт нарэшце раскрыў забойства 25-гадовай даўніны. Вось толькі караць ужо няма каго

Nashaniva.com