Спявачка і былая палітзняволеная Мэрыем Герасіменка выйшла замуж
Вяселле адбылося ў Тбілісі 4 красавіка.
05.04.2024 / 11:37
Мэрыем і яе абраннік. Фота: сторыс інстаграма спявачкі
У Грузію Мэрыем, якая атрымала тры гады хатняй хіміі за песню «Океана Эльзи», эвакуявалася ў студзені 2024 года.
Раней спявачка крыху расказвала пра свайго абранніка. Хлопца завуць Антон, паўтара года таму яго дэпартавалі з Беларусі за адмову ад дачы на Мэрыем хлуслівых паказанняў, што нібыта сродкі, атрыманыя з яе канцэрту ў мінскім бары «Банки-бутылки» ў жніўні 2022 года, былі пералічаныя на спансаванне і фінансаванне Узброеных сіл Украіны.
Антона збівалі чатыры губазікаўцы, зачыніўшы ў кабінеце, «да фіялетавых ног», а саму Мэрыем у гэты час пасадзілі каля дзвярэй, каб яна ўсё чула. Урэшце выбіць нічога не ўдалося, і на судзе спявачцы гэта абвінавачанне не ставілі.
Хлопцу ж, які мае расійскае грамадзянства, але з дзевяцігадовага ўзросту жыве ў Беларусі, пасля «намалявалі» чатыры запар адміністрацыйныя парушэнні, за кожнае з якіх ён адсядзеў па 15 сутак. А калі гэтыя два месяцы скончыліся, Антона адразу адправілі ў аэрапорт і дэпартавалі з Беларусі на 10 гадоў.
Чытайце таксама:
Мэрыем Герасіменка расказала, што выходзіць замуж за хлопца, якога дэпартавалі з Беларусі