Як савецкі дыпламат распаўсюджваў «Пагоню» за мяжой
Да рызыкоўнай супрацы з беларускай эміграцыяй яго падштурхнула пагардлівае стаўленне расейцаў.
14.04.2024 / 13:23
Кантрабандныя беларускія паштоўкі з «Пагоняй»
Справа мела месца ў 1980 годзе, калі беларуская інтэлігенцыя таемна адзначала сімвалічнае «Тысячагоддзе Беларусі». Адзначэнне юбілею было прапанавана гісторыкам Міколам Ермаловічам.
У 9-м нумары літаратурнага часопіса «Нёман», які на той момант выходзіў накладам 140 000 асобнікаў, Ермаловіч надрукаваў артыкул з нагоды памятнай даты. Гісторык выбраў гэтую дату, абапіраючыся на першыя згадкі ў «Аповесці мінулых часоў» пра полацкага князя Рагвалода і тураўскага князя Тура, датаваныя 980 годам. Пры гэтым сам Полацк у тым жа летапісе ўпамінаецца пад 862 годам.
Мікола Ермаловіч. Фота: MOLODECHNO.NET
Як у сваім 16-томным дзённіку адзначаў Барыс Мельнікаў, Мікола Ермаловіч звяртаўся да дэпутата Вярхоўнага Савета СССР і старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Максіма Танка з просьбай нейкім чынам адзначыць гэтую дату, аднак той яму нават не адказаў.
«І ўся Беларусь маўчыць, як быццам ёй заняло гістарычную памяць…» — засведчыў абурэнне гісторыка аўтар дзённіка.
Тым не менш артыкул быў заўважаны ў самой Беларусі і абудзіў да дзеяння. Група мастакоў пачала рыхтавацца да адзначэння юбілею, ішла карпатлівая арганізацыйная і падрыхтоўчая праца, абмяркоўвалася праграма і месца святкавання, рыхтавалася юбілейная сувенірная прадукцыя.
Яўген Кулік. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Мастакі Яўген Кулік і Мікола Купава стварылі прыгожыя віншавальныя паштоўкі, якія салідным накладам патаемна аддрукавалі на «На Паддашку», які ўтварыўся вакол майстэрні Куліка. Друкавалі з дапамогай звычайнага прэсу для выціскання соку.
Маладая мастачка Тамара Васюк зрабіла тыраж юбілейных керамічных медалёў, мастак Уладзімір Крукоўскі стварыў плакат.
«Рагвалод. Тур». З дыптыха да 1000-годдзя Беларусі, падрыхтаванага Яўгенам Куліком. 1980
Як прыгадваў Крукоўскі, гатовыя віншавальныя паштоўкі рассылаліся для падтрымкі духу нацыянальна свядомым ці хаця б зарыентаваным дзеячам культуры, навукі, мастацтва.
Вінцук Вячорка ж успамінаў, што ім, маладым, уручылі па 2-3 такія паштоўкі, якія натхнілі іх на выраб сваёй мастацка-асветнай прадукцыі: разам са знаёмым Сяргея Дубаўца імі быў масава выраблены лінарыт з выявай Вітаўта, які друкаваўся на бясплатна здабытым цвёрдым абгортачнага колеру кардоне.
Дыпламатыя
Аляксей Каўка. Фота: Белліт
Невядома якімі шляхамі, але паштоўкі патрапілі да савецкага дыпламата Аляксея Каўкі. Каўка нарадзіўся на Ігуменшчыне і будаваў, здавалася, тыповую для савецкай наменклатуры кар’еру. Пачынаў з камсамольскай дзейнасці, трапіў у Цэнтральны камітэт ВЛКСМ, дзе курыраваў польскі кірунак. У 1971 годзе скончыў партыйную Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Доўгі час працаваў у Акадэміі навук СССР, але пасля стаў прадстаўніком Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з заграніцай. Здавалася б, чалавек абсалютна добранадзейны і адданы партыі.
Але, відаць, доўгая праца на чужыне, пастаянныя кантакты з замежжам і знаёмства з рэаліямі жыцця па-за СССР абудзілі ў ім выразнае адчуванне нацыянальнай прыналежнасці, незадаволенасць той культурнай палітыкай, якая праводзілася ў Беларусі. Яшчэ ў 1977 годзе Аляксей Каўка напісаў «Ліст да рускага сябра» («Письмо к русскому другу»), дзе выкрываў каланіяльную залежнасць Беларусі і асіміляцыйную культурную палітыку. Спачатку гэты твор ананімна распаўсюджваўся па СССР.
Будынак пасольства СССР у Польшчы. Фота: Wikimedia Commons
У 1979 годзе Каўка быў прызначаны дарадцам пасольства СССР у сацыялістычнай Польшчы. Наяўнасць дыпламатычнага пашпарта адкрыла перад ім новыя магчымасці. З яго дапамогай ён здолеў перадаць свой «Ліст» у Вялікабрытанію, дзе тамтэйшыя беларусы ацанілі яго важнасць і смеласць аўтара, пераклалі на англійскую мову.
З'яўленне гэтага твора мела вялікі розгалас на Захадзе, яго цытавалі ў беларускай і ўкраінскай службах «Радыё Свабода», а таксама ў беларускім, украінскім, польскім і рускім эміграцыйным друку. «Ліст» называлі адным з найлепшых самвыдатных твораў.
Аўтара савецкія спецслужбы так і не змаглі знайсці. Як пазней адказваў Каўка на пытанне, чаму яго не знайшлі: «Бо я нікому пра гэта не казаў».
Чырвоная паштоўка з «Пагоняй», створаная ў Беларусі Міколам Купавам і выдадзеная ў Лондане.
І вось у 1980 годзе Аляксей Каўка зноў скарыстаўся сваімі магчымасцямі, якія даваў яму дыпламатычны статус, і перадаў за мяжу паштоўкі, прысвечаныя 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці. Пры перадачы малюнкаў у Вялікабрытанію Каўка сказаў: «Перадайце ў Лондан. Яны там будуць ведаць, што з гэтым рабіць».
Як прыгадваў Алесь Нешчарда, айцец Аляксандр Надсан яму распавядаў, што прывёз чырвоную паштоўку з Жэневы. Па дарозе да Лондана ён сустрэўся ў Парыжы з беларускім мастаком Міколам Паўлоўскім, які ў свой час папрасіў прытулку на Захадзе. Паўлоўскі ўпэўнена сказаў, што пазнае ў паштоўках руку Міколы Купавы. Крыху пазней тым жа шляхам у Лондан трапіла і белая паштоўка.
Белая паштоўка з «Пагоняй», створаная ў Беларусі Яўгенам Куліком і выдадзеная ў Лондане.
Па словах айца Надсана, праз Жэневу ў канцы 1970-1980-х былі атрыманыя тэксты «Ліста да рускага сябра» Аляксея Каўкі, «Роднай мовы» Алега Бембеля, ананімны «Сказ пра Лысую гару», а таксама лісты беларускай інтэлігенцыі да Гарбачова. Пра імёны датычных да такой кантрабанды айцец тады змаўчаў, бо палічыў, гаварыць яшчэ зарана.
У Жэневе, як вядома, размешчаны штаб-кватэры шматлікіх міжнародных арганізацый, у тым ліку Еўрапейскага аддзялення ААН, Чырвонага Крыжа, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Прадстаўніцтва БССР пры Еўрапейскім аддзяленні ААН існавала з 1962 года, магчыма, што датычных да перадачы самвыдатных твораў за мяжу варта шукаць у яго складзе.
Наступныя спробы Каўкі перадаць нешта за мяжу скончыліся таксама не вельмі добра для аўтараў. Так, манаграфія перададзеная ў 1985 годзе пры дапамозе гісторыка Юрыя Туронка, што выступаў у Беларускай бібліятэцы ў Лондане з дакладам, каштавала яе аўтару, паэту і філосафу Алегу Бембелю, працы ў Акадэміі навук і партыйнага білета.
Сам Каўка прызнаваўся, што да супрацьстаяння савецкай палітыцы русіфікацыі яго падштурхнула адна з чарговых «застольных» размоваў з расійскім сябрам-філолагам, калегам па міжнароднай дзейнасці ў ЦК ВЛКСМ. У размове пра беларусаў той не без цынізму заўважыў:
«Ну дык вы ж не хахлы (маўляў нашы, крэўныя), на вас можна пакласціся. А калі так даражыце сваёй «моваю», што ж, пакіньце сабе сваё «ў», вымаўляйце «Ўладзімір» замест «Владимир» (маўляў, крыўдаваць ня будзем)».
Сёння, пэўна, такія выказванні актульныя не толькі для застольных размоў, але і, натуральна, на больш высокім узроўні. Але ці створыць гэтае сутыкненне з расійскай імперскасцю з памяркоўных беларускіх чыноўнікаў сапраўдных патрыётаў — пакажа час.
Чытайце таксама:
Яны вернуцца! Як выгнаннікі ўзначалілі палітыку посткамуністычнай Еўропы