У Германіі ў машыне з Беларусі везлі 269 тысяч еўра

У нямецкай зямлі Цюрынгія ў аўтамабілі з Беларусі пры праверцы выявілася вялікая сума грошай, пра якую замаўчалі мужчыны, якія ехалі ў ім. Сам выпадак адбыўся яшчэ 13 сакавіка, але прэс-рэліз па гэтым факце апублікавалі толькі днямі, піша «Беларусь і свет».

06.04.2024 / 22:52

Фота: нямецкая мытня

Мытнікі з Эрфурта спынілі для кантролю аўтамабіль 40-гадовага мужчыны на аўтабане А9 у раёне запраўкі «Франкенвальд».

Калі кіроўцу і яго 39-гадовага ды 67-гадовага пасажыраў запыталіся, ці вязуць яны якія-небудзь грашовыя сродкі, тыя расказалі, што ў іх з сабой агулам ёсць каля 42 тысяч еўра. Прычым атрымалася патлумачыць паходжанне і прызначэнне толькі часткі грошай.

Пры наступным даглядзе транспартнага сродку і багажу былі выяўленыя яшчэ 227 тысяч еўра, схаваныя ў заплечніку і ў некалькіх поласцях машыны. У дачыненні да траіх мужчын распачатая справа па падазрэнні ў адмыванні грошай. Наяўныя канфіскавалі як рэчавы доказ. Вядзецца расследаванне.

Як тлумачыцца ў прэс-рэлізе, згодна з заканадаўствам, любая асоба, якая заязджае або выязджае з Германіі з дзяржавы — члена Еўрасаюза з наяўнымі грашыма і эквівалентнымі аплатнымі сродкамі агульным коштам 10 тысяч еўра або больш, павінна вусна паведаміць пра гэтую суму пры апытанні падчас мытных праверак.

Пры ўездзе ў Германію з трэцяй краіны наяўныя павінны быць задэклараваныя загадзя пісьмова, а эквівалентныя плацежныя сродкі — вусна пры мытным апытанні. Асоба абавязаная даказаць паходжанне і прызначэнне грошай. Любы, хто будзе не ў стане гэта зрабіць, пры пэўных умовах можа панесці пакаранне.

Чытайце таксама:

Еўрапол: у ЕС дзейнічаюць звыш 800 «вельмі небяспечных» крымінальных сетак. У іх шэрагах ёсць і беларусы 

ФСБ заявіла, што перахапіла на мяжы партыю ікон з выбухоўкай

На мяжы з Беларуссю палякі затрымалі групу туркменаў, якія перапраўлялі мігрантаў у Еўропу

Nashaniva.com