Гамяльчанка паскардзілася на калегу, якая на бальнічным хадзіла ў кафэ і на шопінг. Аказалася, гэта не забаронена

Жыхарку абласнога цэнтра збянтэжыла актыўнае жыццё калегі ў інстаграме.

07.04.2024 / 12:55

Жыхарка Гомеля паскардзілася на калегу, якая на бальнічным актыўна посціла ў сацсетках фота з кавярняў і крамаў. Гамяльчанка падзялілася душэўным болем з парталам «Белка».

 «Калега афіцыйна знаходзіцца на бальнічным па прычыне прастуды. Але ў гэты час выстаўляе ў сябе ў сацыяльных сетках фота, дзе яна адпачывае ў кафэ. А нядаўна яе бачылі ў супермаркеце на шопінгу. Такія паводзіны абураюць не толькі мяне, але і ўвесь наш аддзел. Хвароба яе не моцна турбуе. Ці можна прыцягнуць нядобрасумленную «хворую» да адказнасці за парушэнне бальнічнага рэжыму?» — задалася пытаннем жыхарка абласнога цэнтра.

Як аказалася, нічога крымінальнага ў такіх паводзінах яе калегі няма. Галоўная доктарка Гомельскай паліклінікі № 9 Ганна Ермалаева патлумачыла, што вінаваціць парушэнне бальнічнага рэжыму за наведванне кавярні медыкі не маюць права. 

Па інструкцыі, парушэннем будзе лічыцца няяўка на планавы візіт да доктара, а таксама выезд за мяжу падчас бальнічнага. Па словах Ермалаевай, ёсць выпадкі, калі пацыенты з пераломамі умудраюцца на бальнічным ездзіць у цёплыя краіны. 

Наведванне кафэ, рэстаранаў і гандлёвых цэнтраў у Беларусі на бальнічным не забаронена. Пры гэтым доктар лічыць такія паводзіны няправільным з маральнага пункту гледжання, бо хворы, напрыклад, ВРВІ, можа заражаць іншых.

Чытайце таксама:

Нават у сталіцы не хапае 20% медыкаў

Колькі сапраўды зарабляюць беларускія дактары? Спыталі ў іх

Доктар Станіслаў Салавей расказаў, чаму з'ехаў з Украіны і пайшоў на пасаду ў Аб'яднаным пераходным кабінеце 

З наступнага набору студэнтаў-медыкаў на адпрацоўку адправяць амаль 90%

Nashaniva.com