Лукашэнка выказаўся пра гадзіннік Франака Вячоркі 

Прымаючы ў сябе Уладзіміра Пярцова, якога сёння прызначылі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка вырашыў расказаць яму, што пішуць у тэлеграм-каналах.

08.04.2024 / 14:16

Гадзіннік, які заўважылі ў Франака. Скрын відэа «Белсат»

Ён адзначыў, што агляд таго, што пішуць у тэлеграм-каналах, яму падрыхтавала прэс-сакратарка Наталля Эйсмант.

«Тое, што выплюхнулася ад іх у гэтыя чаты, тэлеграм-каналы, дзе яны

там аб'ектыўна расказваюць (мы пра гэта ведалі і ведаем), хто прысабечвае грошы, куды ідуць грошы, якія хто гадзіннікі і майткі носіць», — выказаўся Лукашэнка.

Пасля ён удакладніў, што мае на ўвазе гадзіннік за 9 тысяч даляраў.

Нагадаем, нядаўна ў Франака Вячоркі заўважылі дарагі гадзіннік — Omega Seamaster Planet Ocean. Кошт такога новага гадзінніка — 5-9 тысяч даляраў. Франак патлумачыў, што гэта падарунак ад чалавека, які спрычыніўся да беларускай справы, сам гадзіннік стары. А пасля паабяцаў выставіць яго на дабрачынны аўкцыён.

Пры гэтым цікава, якія гадзіннікі носяць нявесткі самога Лукашэнкі. На Ліліі Лукашэнка, напрыклад, быў заўважаны залаты Patek Philippe 425J «Tegolino» коштам 14 500 даляраў. У яе калекцыі ёсць і класічная мадэль, якая нагадвае гадзіннік Cartier Tank Solo, якая каштуе 7975 даляраў. 

Ганна Лукашэнка (вядомая пад псеўданімам Сялук) паказвалася з гадзіннікам, падобным да лімітаванай мадэлі Defy Midnight швейцарскага брэнда Zenith. Цана такога 11 800 еўра.

Адзін з гадзіннікаў самога Лукашэнкі — Patek Philippe Calatrava 5120J — сёння можна набыць за 17 тысяч даляраў.

Чытайце таксама:

Франак Вячорка расказаў, адкуль у яго дарагі гадзіннік і хто падарыў яму чаравікі

Франак Вячорка прапануе прадаць свой гадзіннік за $5 тысяч праз дабрачынны аўкцыён

Nashaniva.com