У Маладзечне пажылая пара жорстка забіла зяця малатком. Цешча паспела збегчы з краіны

А ўсё пачалося з таго, што дачка наскардзілася бацькам, што муж узяўся за шклянку.

08.04.2024 / 15:26

Фота: СК

Днём 29 сакавіка ў міліцыю паступіла паведамленне аб знікненні 41-гадовага мужчыны. Аб прапажы заявіла жонка зніклага, паведамляе СК.

Высветлілася, што за пару дзён да знікнення жанчына паскардзілася бацькам, што яе муж «узяўся за шклянку». Пенсіянеры вырашылі разабрацца і днём 27 сакавіка паклікалі зяця на размову, але гутарка не задалася.

Паміж сваякамі пачаўся канфлікт, падчас якога муж і жонка накінуліся на мужчыну з малатком і збілі яго да смерці.

Толькі на наступны дзень яны вырашылі пазбавіцца цела і доказаў. Яны распранулі зяця, загарнулі яго ў цэлафан, пасля чаго вывезлі ў лес і закапалі.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 65-гадовага мужчыну, аднак яго жонка паспела пакінуць краіну.

Пенсіянер прызнаўся ў зробленым і ў падрабязнасцях распавёў следчаму як ён з былой жонкай забіваў зяця, а таксама паказаў, дзе закапалі цела. Мужчына паведаміў, што малаток і мабільны тэлефон загінулага ён выкінуў у раку.

У дачыненні да пенсіянераў распачата крымінальная справа па п.15 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае групай асоб).

Цяпер следчыя рыхтуюць дакументы для абвяшчэння жанчыны ў міжнародны вышук. Яе муж заключаны пад варту.

Nashaniva.com