Брытанец год бег праз усю Афрыку, каб справіцца з алкагалізмам
Расэл Кук прабег праз усю Афрыку за 352 дні.
08.04.2024 / 15:55
Скрыншот відэа Бі-бі-сі
Расэл Кук прабег ад самай паўднёвага да самага паўночнага пункта Афрыкі больш за 16 тыс. км. Паводле яго слоў, ён хацеў справіцца з псіхічнымі праблемамі і залежнасцямі, піша Бі-бі-сі.
Марафон заняў 352 дні і завяршыўся ў Тунісе. Першапачаткова Кук планаваў прабегчы з Туніса ў ПАР дыстанцыю 360 марафонаў за 240 дзён без выходных, але яму гэта не ўдалося праз адсутнасць алжырскай візы.
Тады ён вырашыў адправіцца 22 красавіка з самага паўднёвага пункта Паўднёвай Афрыкі на поўнач праз 16 краін. Усяго ён пераадолеў 16,3 тыс. км.
У дарозе ў брытанца адбылося некалькі вымушаных прыпынкаў.
У чэрвені ў Анголе ў Кука і яго сябраў скралі грошы і дакументы, у Нігерыі яму давялося звярнуцца да дактароў з-за дрэнных аналізаў і боляў у спіне і ў выніку знізіць тэмп і скараціць дыстанцыю, якую ён прабягаў кожны дзень. Першы выхадны ён узяў праз 45 дзён. Праз Сахару Кук бег ноччу.
Брытанец казаў, што пакутуе псіхічнымі праблемамі, залежнасцю ад алкаголю і азартных гульняў і хацеў гэтым марафонам «змяніць сітуацыю».
Падчас забегу Кук сабраў каля £700 тыс. на дабрачыннасць.
Пры гэтым не ўсе пагадзіліся з меркаваннем, што Кук першым прабег праз усю Афрыку. У прыватнасці, World Runners Association, у якую ўваходзяць сем вядомых ультрамарафонцаў, заявіла, што першым гэта зрабіў датчанін Еспер Олсен у 2010 годзе, хоць той прабег ад егіпецкай Табы да Мыса Добрай Надзеі ў ПАР за 434 дні і яго шлях быў удвая карацейшы.