З'явілася ВІДЭА, як абрынаецца мост над чыгункай у Вязьме
У сеціве з'явілася відэа, на якім зафіксаваны момант абрынання моста, які пралягаў цераз чыгуначныя каляіны ў Вязьме на Смаленшчыне. На ім акурат знаходзіліся грузавік і легкавая машына, якія разам з мостам упалі ўніз.
08.04.2024 / 20:30
Відэа зроблена відэарэгістратарам машыны, якая акурат ехала на мост. На кадрах з відэарэгістратара відаць, што на мост неўзабаве павінен быў заехаць маршрутны аўтобус з пасажырамі.
У выніку здарэння, паводле найноўшых звестках, пацярпелі шэсць чалавек, пяцёра з іх, у тым ліку адно дзіця, шпіталізаваныя. Загінула адна жанчына, яна знаходзілася ў легкавой машыне. Пацярпелы кіроўца грузавога аўтамабіля — у цяжкім стане.
Паводле звестак тэлеграм-канала Mash, загінулая жанчына ехала забіраць сваё дзіця з дзіцячага садка, а яе муж цяпер ваюе супраць Украіны.
Пуцеправод абрынуўся на чыгуначныя шляхі. Рух цягнікоў там прыпынены. У момант здарэння на ўчастку цягнікоў не было, цяпер там праходзяць работы па расчыстцы шляхоў. Перагон, на якім адбылося здарэнне, з'яўляецца часткай чыгункі Мінск-Масква, па ім паміж Расіяй і Беларуссю могуць перавозіцца ў тым ліку і грузы вайсковага прызначэння.
Таксама з-за аварыі пашкоджаныя сістэмы газазабеспячэння, у выніку чаго без газу засталіся 69 юрыдычных асоб, 5 кацельняў і каля 8,8 тыс. мясцовых жыхароў.
Па факце абвальвання пуцеправода расійскі Следчы камітэт завёў крымінальную справу.
Мясцовае выданне «Важное в Смоленске» паведамляе, што «мясцовыя жыхары гадамі назіралі за разбурэннем моста».
Чытайце таксама:
На Смаленшчыне паваліўся мост, заблакаваны рух цягнікоў з Беларусі
На Балтыцы гарэў расійскі ракетны карабель — ГУР Украіны
Жыхары затопленага Орска выйшлі на мітынг з лозунгам «Пуцін, памажы!»
Мэр расійскага Арэнбурга заклікаў тэрмінова пакінуць дамы з-за небяспечнага ўзроўню вады