«Ён у нас да 22 красавіка». Што вядома пра затрыманне гомельскага бізнэсоўца Навума Каца
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 8 красавіка разгледзелі справу за «экстрэмізм» у дачыненні да вядомага мясцовага прадпрымальніка.
10.04.2024 / 10:41
Адміністрацыйную справу паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў») на Навума Каца разглядаў судзьдзя Віктар Казачок, вядомы палітычнымі прысудамі. Афіцыйных зьвестак аб прысудзе няма. Сам Кац на тэлефанаваньні Радыё Свабода не адказвае, яго нумар недасяжны.
Расказваем, што вядома пра гэтага прадпрымальніка, а таксама пра яго магчымы палітычна матываваны арышт.
Фабрыка абутку прагарэла яшчэ ў 2019 годзе
Навум Кац дагэтуль прадстаўляе сябе як буйнога бізнэсоўца, уласьніка абутковай фабрыкі, дырэктара «Цэнтар бізнэс-разьвіцьця». Аднак ягоныя посьпехі зьвязаныя зь мінулым — абутковая фабрыка «Батычэлі» не працуе з 2019-га, яе сайты і сацыяльныя сеткі даўно не абнаўляліся. Не абнаўляюцца з 2021 году і сацыяльныя сеткі «Цэнтру бізнэс-разьвіцьця», да якога мае дачыненьне прадпрымальнік. Крыніца з асяродку гомельскіх бізнэсоўцаў расказала Свабодзе, што справы ў Навума Каца апошнім часам ішлі ня вельмі ўдала.
«Даўно прагарэў і на сёньняшні дзень «даядаў» тое, што засталося ад былога жыцьця і пасьля разводу з другой жонкай, якая таксама працавала на фабрыцы і пасьля банкруцтва пайшла ад яго», — сьцьвярджае суразмоўца. Як заяўляў сам прадпрымальнік, у апошнія гады ён займаўся кансалтынгавымі паслугамі. У гомельскіх СМІ апошні раз Навум Кац зьяўляўся ў 2022 годзе — абяцаў моладзь навучыць бізнэсу.
«Навіна, што яго затрымалі за «экстрэмізм», выклікала ва ўсіх шок. Ён заўсёды і выключна быў толькі за ўладу», — расказаў Свабодзе прадпрымальнік з Гомля, асабіста знаёмы з Кацам.
Афіцыйных зьвестак аб прысудзе Навуму Кацу ў адкрытым доступе няма. Як стала вядома Радыё Свабода, у мясцовым ІЧУ на просьбу прыняць перадачу для Навума Каца адказалі, што яму яна дазволеная толькі адна на ўвесь тэрмін зьняволеньня, а за кратамі ён прабудзе «да 22-га (красавіка)».
Выступ супраць Віктара Бабарыкі
Сваё зьдзіўленьне магчымым арыштам Навума Каца суразмоўцы Свабоды тлумачаць тым, што ў 2020 годзе ён зьяўляўся ў беларускіх СМІ, дзе хваліў уладу і Аляксандра Лукашэнку асабіста. Гаварыў тады, што «9-10 жніўня людзі займаліся экстрэмізмам» і заклікаў усіх «забыць пра тыя падзеі».
Яшчэ перад выбарамі, у ліпені 2020 году, Кац зьняўся ў прапагандысцкім фільме, дзе выступіў супраць «Белгазпрамбанку» і Віктара Бабарыкі. Паводле Каца, менавіта Бабарыка разарыў яго.
«На той момант фабрыка Каца ўжо «памерла», ніяк Віктар Бабарыка ня мог яго разарыць. Кац страціў фабрыку, разьвёўся з другой жонкай, тая зьехала ад яго. Вінаваціць тут Бабарыку? Ну гэта проста паклёп быў», — мяркуе яшчэ адзін з гомельскіх бізнэсоўцаў, які пажадаў захаваць ананімнасьць.
У фільме Навум Кац расказаў, што пасьля ягонага «разарэньня» Бабарыкам ён атрымаў інфаркт.
«Па прыхамаці банку ў мяне выдатны працоўны калектыў, 160 чалавек, засталіся бяз працы, сам я трапіў у шпіталь. Яны («Белгазпрамбанк». — РС) «наехалі» на маю жонку так, што яна ледзь не загінула ў аўтакатастрофе», — сьцьвярджаў бізнэсовец.
Тады ж, у 2020 годзе «Белгазпрамбанк» афіцыйна патлумачыў сваю пазыцыю. Паводле банку, з 2016 году абутковая фабрыка Навума Каца фактычна спыніла абслугоўваньне сваёй пазыкі, але, нягледзячы на гэта, атрымала растэрміноўку да 2018-га. Паміж банкам і фабрыкай былі 3 крэдытныя дамовы, адна зь якіх — 200 тысяч даляраў.
«Фактычна вытворчасьць абутку на прадпрыемстве спынілі ў 2018 годзе. Далей працягвалася спрэчка наконт працэнтаў, тэрмінаў і санкцый. Пагадненьні і абяцаньні Навума Каца не былі выкананыя. У сакавіку 2020 Бабарыка зноў сустракаўся з Кацам, вынікам чаго была пагашаная запазычанасьць на 15 тысяч даляраў, банк вярнуў жонцы Каца арыштаваны аўтамабіль», — паведамляў у 2020 годзе банк.
Па стане на момант здымкаў фільма, у ліпені 2020 году Навум Кац быў вінаваты банку Віктара Бабарыкі больш за 29 тысяч даляраў.
«Мая асабістая думка такая, што нашы доблесныя «органы» ня ведаюць пра рэальны фінансавы стан Навума Каца. Яго маглі затрымаць, каб займець ад яго грошы. Але яны на гэты раз памыліліся — грошай у яго ўжо няма», — кажа суразмоўца Свабоды з асяродку гомельскіх бізнэсоўцаў.
За «экстрэмізм» судзілі ксяндза з Гродзенскага раёна
Сілавікі затрымалі менеджарку па продажах Дар'ю Давыдзенка разам з мужам і сяброўкай
У Брэсце мужчыны знялі сцяг з дзіцячага садка і панеслі з сабой — іх затрымалі