У Глыбокім журналіста Змітра Лупача і яго дзяцей публічна абвясцілі «злачынцамі»

Фотаздымкі Змітра Лупача і дваіх ягоных дзяцей вывесілі на інфармацыйным стэндзе каля Глыбоцкага РАУС, дзе размяшчаюць абвесткі пра тых, каго шукае міліцыя. Цяпер там ёсць і асобны спіс пад назвай «злачынцы», хаця суда над пераважнай большасцю гэтых асобаў не было і іх вінаватасць у нейкіх злачынствах не даказаная, піша БАЖ.

11.04.2024 / 12:16

Пра Змітра Лупача паведамляецца, што ён «схаваўся ад следства», а таксама пазначаны артыкул 361-4 (ч. 1) Крымінальнага Кодэкса РБ (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Журналіст-фрылансер Зміцер Лупач быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля шматлікіх выпадкаў адміністрацыйнага пераследу за супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ. Непасрэдна перад ад’ездам у ліпені 2021 года яго затрымлівалі на трое сутак у межах крымінальнай справы, распачатай за нібыта распальванне варожасці. У снежні 2023 года сілавікі правялі ператрусы ў ягонай кватэры ў Глыбокім, а таксама ў вясковай хаце, якая дасталася Змітру Лупачу ў спадчыну.

Гэтаксама летась у снежні на Віцебшчыне прайшла цэлая серыя допытаў і ператрусаў у межах крымінальнай справы, распачатай супраць стваральнікаў сюжэта, знятага ў Полацку і паказанага на тэлеканале «Белсат» (медыя абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем»). Зміцер Лупач не выключае, што ператрусы ў ягоным жыллі маглі быць звязаныя з гэтай справай, але пра тое, што яго асабіста вінавацяць у «садзеянні экстрэмізму», яму нічога невядома. Позвы ў суд ён не атрымліваў, ніякіх афіцыйных звестак пра тое, што ён ужо асуджаны па крымінальным артыкуле, няма. Таму залічэнне ў шэраг «злачынцаў» ён лічыць паклёпам.

На гэтым самым стэндзе каля Глыбоцкага РАУС размешчаны і фотаздымкі ягоных дзяцей — сына Валянціна і дачкі Кацярыны, якія цяпер таксама жывуць у замежжы. Пра Валянціна Лупача напісана, што ён нібыта ўхіляецца ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу ( ч. 1 арт. 435 КК РБ), пра Кацярыну Лупач — што яна «хаваецца ад следства», распачатага на падставе ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Святлана, старэйшая дачка Змітра Лупача, ужо асуджаная паводле гэтага артыкула і адбывае пакаранне ў гомельскай ПК № 4.

Сёлета 19 студзеня імя і прозвішча жанчыны з’явілася ў «Пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Беларуская праваабарончай супольнасць прызнала яе палітзняволенай. 

У глыбоцкі «спіс злачынцаў», абвешчаных такімі без суду і следства, трапіла і Людміла Барэйка, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан». Следчы камітэт распачаў супраць яе «спецвытворчасць», бо жанчына таксама была вымушаная з’ехаць за мяжу.

Nashaniva.com