У В'етнаме прысудзілі да смяротнага пакарання мясцовую мільярдэрку

У В'етнаме да смяротнага пакарання прысудзілі магнатку ў сферы нерухомасці — 67-гадовую Чыонг Мі Лан. Прычынай для вынясення такога суровага прысуду стала махлярства на 12 млрд даляраў, піша Бі-бі-сі.

11.04.2024 / 18:01

Фота: Vạn Thịnh Phat

Кіраўніца буйной кампаніі Van Thinh Phat Чыонг Мі Лан — адна з нямногіх жанчын, асуджаных у В'етнаме да смяротнага пакарання за фінансавыя злачынствы. 

Яна была прызнаная вінаватай у атрыманні крэдытаў на суму 304 трыльёны донгаў (каля 12,5 млрд даляраў) ад Saigon Commercial Bank. А вярнуць яе патрабуюць нашмат больш — 27 млрд даляраў.

Сама Чыонг Мі Лан віну не прызнала і ўсклала віну на сваіх падначаленых. Як паведаміў агенцтву Reuters адзін з членаў сям'і Лан, яна збіраецца абскардзіць прысуд.

Разам з Чыонг Мі Лан перад судом паўсталі яшчэ 85 чалавек, яны чакаюць прысудаў.

Паводле звестак абвінавачвання, Чыонг Мі Лан — жонка заможнага ганконгскага бізнэсмена, які таксама знаходзіцца пад следствам, — з дапамогай падробленых заявак на атрыманне крэдытаў выводзіла грошы з SCB, у якім ёй фактычна належала 90% акцый.

Паліцыя сцвярджае, што ахвярамі афёры сталі ўсе трымальнікі аблігацый SCB, якія не маглі зняць свае грошы і не атрымалі ні працэнтаў, ні выплат па асноўным абавязку з моманту арышту Лан. Ад афёры пацярпела каля 42 тысяч чалавек.

У ходзе судовага працэсу пракуроры заявілі, што арыштавалі больш за тысячу аб'ектаў нерухомасці, якія належалі Лан. А хабар у памеры 5,2 млн даляраў, які далі Лан і супрацоўнікі SCB в'етнамскім чыноўнікам, каб схаваць парушэнні і дрэннае фінансавае становішча банка, стала найбуйнейшай у гісторыі В'етнама.

Судовы працэс, які пачаўся 5 сакавіка і скончыўся раней запланаванага тэрміну, стаў часткай кампаніі па барацьбе з хабарніцтвам, якое генеральны сакратар Камуністычнай партыі В'етнама Нгуен Фу Чонг на працягу многіх гадоў абяцаў выкараніць, хоць адчувальных вынікаў пакуль няшмат.

«Такога паказальнага працэсу, як гэты, не было, я думаю, ніколі за ўсю камуністычную эпоху», — гаворыць Дэвід Браўн, адстаўны супрацоўнік Дзярждэпартамента ЗША з вялікім досведам працы ў В'етнаме.

Шэсць азіяцкіх краін могуць увесці адзіную візу для турыстаў

Пустыя пляжы, танная ежа і слабы распаўсюд англійскай. Айцішнік-пачатковец расказаў, як зімаваў у В'етнаме

У В'етнаме адправілі ў адстаўку прэзідэнта краіны за дыскрэдытацыю партыі

Nashaniva.com