У Мінску ДАІ мяняе адрас здачы тэарэтычнага экзамена на «правы»
У будынку МРЭА ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама па вуліцы Сямашкі, 17, у месцы, вядомым усім, хто здаваў на правы кіроўцы, днямі пачынаюць рамонт памяшканняў.
12.04.2024 / 12:42
Фота: Наша Ніва
У сувязі з гэтым многія працэдуры цяпер будуць выконвацца па іншым адрасе: пр. Дзяржынскага, 3, кабінет 211 (будынак УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, Уваход з правага тарца будынка), паведамляе ДАІ Мінска ў сваім тэлеграм-канале.
З 16 красавіка ў будынку ДАІ па праспекце Дзяржынскага будуць афармляць заявы на выдачу пасведчання кіроўцы, прымаць тэарэтычны экзамен (як групамі, так і асобна), будзе працаваць фатаграфаванне, пробнае тэставанне па ПДР.
Запіс на практычны экзамен, афармленне дагавораў на выкарыстанне аўтамабіля, выдача гатовых вадзіцельскіх пасведчанняў пасля здачы кваліфікацыйных экзаменаў будуць ажыццяўляцца па вул. Сямашкі, 17, корпус №2.
ДАІ адзначыла, што парадак і месца здачы ўсіх этапаў практычнага экзамену не зменіцца.