«Уплыву дастаткова, каб збіць усякую пыху». Такую дзёрзкую аб'яву аб продажы дома вы яшчэ не бачылі
У Мар'інай Горцы прадаюць драўляны дом. Але не ў кожнага хопіць смеласці яго купіць.
13.04.2024 / 17:38
Дом у Мар'інай Горцы, які прадаюць. Фота: re.kufar.by
На аб'яву звярнуў увагу канал «Будні рыэлтара. Мінск».
Дом на ўчастку ў 15 сотак прадаюць за 15 тысяч даляраў. Побач, пішацца ў аб'яве, добрыя сучасныя дамы. Выглядае, гэтым абумоўлены дзёрзкі тон аб'явы і далейшыя папярэджанні:
«Пераканаўчая просьба некаторым суседзям прэстыжных дамоў, якія планавалі куплю (адцісканне) участка адзінокай пенсіянеркі па кошце хаты — на ўскраіне гомельскага балота, — не турбаваць здзекамі.
Тут не рыэлтарская дзейнасць! А бясплатная дапамога пенсіянерцы юрыстаў БелТІ [таварыства інвалідаў]».
Як вынікае з аб'явы, у жанчыны, што прадае дом, памёр сын, сама яна мае інваліднасць з-за праблемаў з сэрцам.
Пенсіянерка гатова памяняць дом на жыллё ў аграгарадку з інфраструктурай па чыгуначнай лініі Мінск-Асіповічы ці на пакой у двушцы, дзе суседкай будзе таксама пенсіянерка. Але з кватэрай складаней, бо ад сына засталіся два сабакі. Гатова таксама прадаць палову ўчастка.
Падкрэсліваецца, што муж пенсіянеркі быў ваенным у 5-ай мар'інагорскай брыгадзе.
«Асаблівым нахабнікам паведамляю, што ўплыву дастаткова (гэта брыгада майго бацькі), каб збіць усякую пыху па «таннай прыхватызацыі» ўчастка.
Скон сына не дазволіў дабудаваць і «акультурыць» будынак.
Чакаць «падарунка» сацабароны ў выглядзе прыватызацыі ўчастка — у абмен на талерку супу і ложак у ФАП?»
— абурана піша складальнік аб'явы.
Гаспадыня гатовая на торг.