Іран пачаў атаку на Ізраіль

Дзясяткі іранскіх дронаў вылецелі ў кірунку Ізраіля, паведамляе Axios. Яны маюць даляцець да Ізраіля за некалькі гадзін.

13.04.2024 / 23:03

Паведамляецца, што «Борт Суднага дня» — самалёт, прыстасаваны для кіравання арміяй Ізраіля — таксама падняўся ў паветра.

Прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху запісаў тэрміновы зварот да грамадзян: Ізраіль гатовы да прамога нападу з боку Ірана і адкажа на гэтую атаку. 

Скрын відэазвароту Нетаньяху

«Грамадзяне Ізраіля! У апошнія гады, а тым больш у апошнія тыдні, Ізраіль рыхтуецца да магчымасці прамога нападу з боку Ірана.

Нашы сістэмы абароны разгорнутыя, мы гатовыя да любога сцэнару, як у абароне, так і ў нападзе. Дзяржава Ізраіль моцная, Армія абароны Ізраіля моцная, грамадскасць моцная.

Мы цэнім падтрымку ЗША, а таксама падтрымку Вялікабрытаніі, Францыі і многіх іншых краін.

Я вызначыў выразны прынцып — хто нам прычыняе боль, таму мы прычыняем боль. Мы абаронім сябе ад любой пагрозы і зробім гэта стрымана і рашуча».

Nashaniva.com