У Варшаве ўручылі першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі

Першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі «Uwaga!» далі 13 красавіка ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna», дзе сабралася паўсотні беларусаў, піша «Белсат». Прэмію выдалі ў 11 намінацыях.

14.04.2024 / 10:08

Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай дарогу!», выступае на першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі «Uwaga!», якая прайшла ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna». Варшава, Польшча, 13 красавіка 2024 года. Фота: «Белсат»

«Песня года» — «Emigrant Song» Leibonik-а (Сяргея Башлыкевіча). Пераможца не змог асабіста прысутнічаць на прэміі, але выступіў праз відэасувязь з Нідэрландаў. Намінавалі таксама песню «Я вернусь домой» гурта «Дай дарогу!»

«Альбом года» — альбом «Там» Leibonik-а. Намінавалі таксама іншыя альбомы ў самых розных жанрах, ад «Музыка сфер» рэгі-гурта «Botanic Project» да «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» блэк-мэтал-гурта «Dymna Lotva».

«Гурт года» ў эміграцыі — «Дай дарогу!»

«Выканаўца года» — галасы падзялілі па-роўнаму Аляксандр Памідораў і Кетэван, дык прэмію далі абодвум.

Аляксандор Памідораў і Kateevan атрымліваюць узнагароду першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі «Uwaga!», якая прайшла ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna». Варшава, Польшча. 13 красавіка 2024 года. Фота: «Белсат»

«Адкрыццё года» — «Kurwadziki». Намінавалі таксама праект «Эмігранты» гурта «Volski», праект «ДСП» ад «Разбітага сэрца пацана», гурты «Nochy» і «Rodvaloth», Анастасію Рыдлеўскую, Pan-а Savyan-а, а таксама традыцыйныя канцэрты-джэм па серадах на «Сцэне хмельнай».

«Пераадкрыццё года» ў эміграцыі — Сяргей Пукст (разам з яго альтэр-эга, Георгіем Дабро). Намінантаў было шмат: «Atesta», «N.R.M.», «:B:N:», «Irdorath», Аляксандр Памідораў.

«Прыз глядацкіх сімпатыяў» — «Naviband». Яны не змаглі наведаць прэмію асабіста, запісалі да гледачоў відэазварот. Намінантаў тут не было: усім ахвочым перад прэміяй прапанавалі назваць любога выканаўцу ў сацсетках і праз онлайн-форму. Часта называлі таксама Свету Бень, гурты «Dzieciuki», «Сіндром самазванца» і «Botanic Project».

«Падзея года» ў эміграцыі — фэст «Варушняк».

«Дабрачыннасць года» — марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», у якім бралі ўдзел у тым ліку і беларускія музыкі. Змагалася ў намінацыі таксама паездка Піта Паўлава з канцэртамі для беларускіх ваяроў ва Украіне і «Дом творцаў» Сержука Доўгушава.

«Клуб года» — варшаўская «Scena Chmielna», дзе і ўручалі ўзнагароды. Клуб перамог іншыя пляцоўкі нават пры тым, што чальцоў журы, звязаных з клубам, пакінулі без голасу ў намінацыі.

«Арганізатар года» — «Wild Beat Sound».

З акустычнымі праграмамі выступілі Юрый Стыльскі (лідар гурта «Дай дарогу!»), Алесь-Францішак Мышкевіч (лідар «The Superbullz») і гурт «Atesta». Песня Стыльскага «Экстрэміст» спантанна перарасла ў спеў «Муры» ўсёй залай. На «afterparty» для наведнікаў граў Сяргей Пукст.

Вядоўцы прэміі — прадзюсар і сузаснавальнік клубу «Scena Chmielna» Віталь Броўка і радыёвядоўца, суарганізатарка прэміі Марына Савіцкая. Таксама суарганізатарам прэміі выступіў былы дырэктар менскага паба «Графіці» Аляксей Ажогін.

Ажогін, Броўка і Савіцкая ўвайшлі ў склад журы. Таксама ў журы былі галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў, прадзюсар Павел Юрцэвіч, музычныя журналісты Вячаслаў Радзівонаў і Аляксандр Чарнуха, арганізатарка канцэртаў Інэс Сянкевіч.

Пакуль атрымалася прэмія найперш для беларускай сцэны ў Польшчы і Варшаве ў прыватнасці. Прэмія, казаў «Белсату» Ажогін, яшчэ маленькая, яе робяць два чалавекі без інвестараў і на голым энтузіязме. Але ў наступным годзе, спадзяецца ён, пашырыцца і каманда, і склад удзельнікаў, бо беларускія музыкі-эмігранты цяпер жывуць не толькі ў Польшчы і не толькі ў Еўропе.

Nashaniva.com