«Расіяне хочуць захапіць да 9 мая Часаў Яр». Сырскі — пра сітуацыю на фронце
14.04.2024 / 12:30
Расійскія войскі засяроджваюць намаганні для прарыву абароны на захад ад Бахмута, каб выйсці да канала Северскі Данец — Данбас і захапіць Часаў Яр. Расійскае вайсковае кіраўніцтва паставіла задачу ўзяць горад да 9 мая. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі 14 красавіка.
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі (злева). Фота: Галоўнакамандуючы УСУ / Facebook
«Вораг засяроджвае намаганні для прарыву нашай абароны на захад ад Бахмута, выхаду да канала Северскі Данец — Данбас, авалоданні населеным пунктам Часаў Яр, стварэнні ўмоў для далейшага прасоўвання да Краматорскай агламерацыі», — гаворыцца ў паведамленні Сырскага.
Ён піша, што войска РФ выкарыстоўвае колькасную перавагу, а таксама «разнастайныя матывацыйныя фактары, у тым ліку і расстрэлы».
Некаторым падраздзяленням расіян удалося выйсці на ўскраіну горада: «асобныя групы пяхоты праціўніка выйшлі ў мікрараён «Новы», але былі знішчаны ўдарамі FPV-камікадзэ і агнём артылерыі».
«Пагроза застаецца актуальнай, з улікам таго, што вышэйшае расійскае ваеннае кіраўніцтва паставіла задачу сваім войскам захапіць Часаў Яр да 9 мая», — піша Сырскі.
Па яго словах, для ўмацавання абароны ўкраінскае камандаванне на гэтым кірунку ўзмацніла брыгады: далі дадатковыя боепрыпасы, дроны, сродкі РЭБ.