Кантракт на 3 мільяды еўра. Сербія закупіць знішчальнікі ў Францыі, а не ў Расіі
Купля Rafale у Францыі азначала б адыход ад Расіі як традыцыйнага пастаўшчыка зброі і можа напружыць палітычныя сувязі паміж Бялградам і Масквой.
14.04.2024 / 15:24
Знішчальнік ВПС Францыі Dassault Rafale ляціць на Дубайскім авіясалоне ў Дубаі, 13 лістапада 2023 года. Фота: AP Photo / Jon Gambrell
Сербія можа падпісаць пагадненне аб закупцы ў Францыі 12 шматмэтавых знішчальнікаў Rafale. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч падчас візіта ў Францыю заявіў, што ён і прэзідэнт Эмануэль Макрон дасягнулі канкрэтных дамоўленасцяў.
«Чакаецца, што кантракт будзе падпісаны ў бліжэйшыя два месяцы і ў прысутнасці прэзідэнта Францыі», — сказаў Вучыч журналістам.
Купля Rafale у Францыі азначала б адыход ад Расіі як традыцыйнага пастаўшчыка зброі і можа напружыць палітычныя сувязі паміж Бялградам і Масквой.
У мінулым годзе Вучыч сказаў Reuters, што 12 новых самалётаў Rafale могуць каштаваць балканскай краіне каля 3 мільярдаў еўра (3,26 мільярда долараў).
Сербія, кандыдат на ўступленне ў ЕС, мае адны з найбуйнейшых узброеных сілаў на Балканах, якія па-ранейшаму залежаць ад самалётаў савецкай распрацоўкі, такіх як рэактыўныя самалёты МіГ-29 і баявыя верталёты МІ-35, а таксама расійскія ракеты і танкі.
Сербія застаецца нейтральнай краінай, але яна далучылася да праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру», прызначанай для краінаў, якія не імкнуцца далучыцца да трансатлантычнага альянсу.
Вучыч заявіў, што Сербія будзе шукаць іншых пастаўшчыкоў зброі пасля ўвядзення Захадам санкцый супраць Расіі ў сувязі з яе ўварваннем ва Украіну. Узброеныя сілы Сербіі цяпер пабудаваныя па стандартах НАТА, і іх войскі часта трэніруюцца з членамі альянсу, у тым ліку са Злучанымі Штатамі.
Сербія неаднаразова асуджала ўварванне ва Украіну, але не далучылася да санкцый Захаду супраць Расіі.
Вайсковую дапамогу Украіне аказвае краіна, незалежнасці якой яна не прызнае
«Еўропа выгнала шпіёнаў Уладзіміра Пуціна. Цяпер яны вяртаюцца» — The Financial Times
Рэжысёра Андрэя Гнёта суд у Бялградзе пакінуў пад вартай да вынясення рашэння