Чаму Францішак Багушэвіч назваўся Бурачком?

Дзевяць гадоў няма з намі Уладзіміра Содаля — літаратуразнаўцы, моваведа, шматгадовага вядоўцы колісь папулярнай тэлеперадачы «Роднае слова», прыгадвае ў фэйсбуку Міхась Скобла.

15.04.2024 / 22:26

Так светла ўспамінаюцца сустрэчы з ім, якія Уладзімір Ільіч любіў прызначаць «на сваім гародзе» — у Нацыянальнай бібліятэцы.

Спачатку я думаў, што гарод ужываўся як метафара, як вобраз уробленага палетка, з якога дбайны гаспадар заўжды чакае багатых ураджаяў.

Але аказалася, што гарбузападобны гмах бібліятэкі сапраўды вырас на колішнім гародзе Уладзіміра Содаля, і там, дзе сёння ў зацішных чытальнях шалясцяць кніжныя старонкі, шаноўны Уладзімір Ільіч, чый дом узвышаецца праз дарогу, садзіў у свой час памідоры і агуркі.

Ён гэтым фактам нібы трошкі і ганарыўся. А і папраўдзе, не кожнаму ўдаецца на ўласных сотках вырасціць гэткі незвычайны «ўраджай». Падпісваючы мне кнігу «Жупранская старонка», аўтар нават зрыфмаваў: «Як я рады, як я рады сёння і давеку, што іду ў бібліятэку, як на свае грады».

Але сустракацца з Уладзімірам Содалем было цікава ў любым месцы. Напрыклад, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», дзе я працаваў намеснікам галоўнага рэдактара і куды Уладзімір Ільіч прыносіў свае артыкулы пра Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янку Купалу, Зоську Верас, Ядвігіна Ш. Вялікія, падрабязныя, яны звычайна друкаваліся з працягам.

Увогуле, каб прыйшлося адным словам вызначыць сутнасць Содаля-даследчыка, то словам гэтым мне бачыцца падрабязнасць. Ён быў надзвычай падрабязны, у даследаванай тэме яго цікавіла ўсё.

Калі Уладзімір Ільіч пісаў пра Багушэвіча, то наводзіў сваё даследчыцкае павелічальнае шкло на ўсіх яго сямейнікаў, сяброў, знаёмых, калегаў па працы, суседзяў… Ён мусіў сваімі рукамі абмацаць кожны камень у падмурках багушэвіцкіх сядзібаў. Ён мусіў ведаць усе легенды і быліцы з усіх свіранска-кушлянска-жупранскіх ваколіцаў. Ён мусіў запісаць тыя песні, якія мог чуць аўтар «Дудкі беларускай».

А яшчэ Уладзімір Содаль меў фенаменальны філалагічны слых. Чужое, гвалтам накінутае беларускай мове слова ён адчуваў за вярсту і заўжды падшукваў яму натуральны для нашай мовы адпаведнік. Ці ва ўласных запісах, ці ў дыялектных слоўніках, ці ў творах майстроў слова (а такіх насамрэч не так і шмат). Тут Содаль ішоў за сваім настаўнікам Фёдарам Янкоўскім. Іхнія моўныя абразкі (настаўніка і вучня) варта папулярызаваць, яны дапамогуць ачысціць беларускую мову ад чужога пустазелля, якое абсела нашы акадэмічныя слоўнікі і ніяк не хоча адтуль выполвацца.

Далікаткі, клёвік, начэпка, пламéні, хрумсцікі… Пачытайце Содалеву кнігу «Буйніцы і драбніцы» — і ваш лексікон абавязкова пабагацее на дзясятак-другі адметных слоўцаў.

Моўная назіральнасць Уладзіміра Ільіча дапамагала яму рабіць цэлыя адкрыцці ў літаратуразнаўстве. Вось, скажам, чаму Францішак Багушэвіч назваўся Бурачком? Няўжо паэт-будзіцель абраў сабе псеўданім у гонар вядомага ўсім карняплода, з якога можна прыгатаваць смачную і карысную салату? Зусім не. Содаль шукаў-шукаў і дашукаўся — аказваецца, даўней у беларускіх храмах карысталіся падсвечнікамі з бурачкоў. У маладых, акруглых бурачках выразалі адтуліны і ставілі ў іх свечкі.

Таму Багушэвічаў Бурачок, хутчэй за ўсё, азначае падсвечнік і становіцца ў адзін шэраг з такімі імёнамі, як Янка Лучына і Карусь Каганец. Усе яны ў меру сіл асвятлялі шлях Беларусі да незалежнасці.

Заўжды прыемна было бачыць Уладзіміра Ільіча на розных беларускіх імпрэзах — у Ганцавічах ці Заслаўі на Днях айчыннага пісьменства, у Ракуцёўшчыне і Вязынцы на паэтычных святах, на менскіх літаратурных вечарынах. Ён прымошчваўся навідавоку, раскладаў свае кніжачкі. З зацікаўленымі вёў нетаропкія размовы, мог пра нейкае адно слоўца цэлую лекцыю прачытаць. Часам — трымаў абарону, калі да імправізаванага прылаўка падыходзіў які-небудзь ваяўніча настроены прыхільнік «русского мира». А аднойчы нават у пастарунак трапіў, бо не меў ліцэнзіі на кнігагандаль (як не меў яе і Багушэвіч, але ў яго быў сябра Зыгмунт Нагродзкі, які прадаваў «Смык беларускі» ў сваіх крамах разам з сячкарнямі).

«Жупранская старонка», «Свіранскія крэскі», «Кушлянскі кут», «Сцежкамі Мацея Бурачка», «Буйніцы і драбніцы»… Я люблю перачытваць напісаныя з любоўю падрабязныя кнігі Уладзіміра Содаля. Ён сеяў сваё зерне з цвёрдай перакананасцю — узыдзе. І яно абавязкова ўзыдзе, і ўжо ўзышло, як той бібліятэчны гмах на ўробленай нястомнымі рукамі дзялянцы-гародзе.

«Почему Лис поднимает этих мертвецов?» Як даследчык будаваў пантэон нацыянальнай гісторыі

«Ніц з тымі каровамі не станецца, я вас правяду»

Паэт у галубіным німбе, якога перакладала Ганна Ахматава

«Не вядзіцеся на павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну»

Nashaniva.com