Сілавікі прыйшлі ноччу шукаць Леаніда Судаленку ў яго гомельскай кватэры. Той тактоўна падказаў, дзе яго знайсці

Праваабаронца, які адбыў два з паловай гады за кратамі, з'ехаў з краіны мінулым летам.

16.04.2024 / 14:53

Сёння ноччу сілавікі прыйшлі шукаць Леаніда Судаленку ў яго гомельскую кватэру — праваабаронца з'ехаў з краіны мінулым летам. Пра гэта Леанід напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку і апублікаваў фота з Еўрапейскага парламента.

«Сёння каля гадзіны ночы ў кватэру маёй сям’і грукаўся маёр міліцыі. Шукаюць нават ноччу, непакояцца…

Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце ў Бруселі. Фота: яго фэйсбука

Гэтым здымкам падказваю маёру і астатнім выканаўцам рэпрэсій, дзе мяне шукаць. Я тут, каб дакументаваць катаванні, каб расказваць, у якіх умовах вы трымаеце беларускіх палітвязняў-закладнікаў. Як Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі выжывае ў адзіночнай камеры ШЫЗА. Не губляйце марна час, вярнусь у краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю. А пакуль — мы памятаем!»

Знанага гомельскага праваабаронцу затрымалі ў студзені 2021 года і ў лістападзе 2021 года яго асудзілі да трох гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін (час праведзены ў СІЗА лічыцца за паўтара ў калоніі) — за кратамі Леаніда ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

Леанід Судаленка: Што мы будзем рабіць, калі аднойчы раніцай даведаемся, што нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі памёр у турме?

Прайшоў ператрус у гомельскай кватэры Леаніда Судаленкі

На Леаніда Судаленку завялі новую крымінальную справу

Nashaniva.com