Беларускія вытворцы адзення квітнеюць на фоне санкцый
Вытворца адзення Mark Formelle за тры гады павялічыў выручку ў два разы, з $61 млн да $121 млн. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў сярод fashion-брэндаў Усходняй Еўропы. І ён такі не адзін.
17.04.2024 / 16:45
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Шалёны рост продажаў
Толькі за мінулы год Mark Formelle павялічыў продажы ў Беларусі на 20%. Але асноўны прырост атрымаўся за кошт расійскага рынку, дзе адбыўся трохразовы рост.
Сваю прысутнасць на расійскім рынку таксама павялічвае і іншы вядомы беларускі брэнд адзення — ZNWR. Толькі ў 2022 годзе ZNWR адкрыў чатыры крамы ў Маскве.
Пры гэтым можна заўважыць, што сетку прадаж пашыраюць і драбнейшыя fashion-брэнды, якія яшчэ год-два таму прадавалі адзенне толькі праз Instagram або мелі толькі адзін шоўрум у сваім горадзе. Некаторыя з іх толькі за мінулы год адкрылі па некалькі крам.
Той выпадак, калі санкцыі ідуць на карысць
Імклівы рост продажаў беларускіх брэндаў у апошнія гады абумоўлены тым, што праз санкцыі і складанасці з перасячэннем мяжы ўтварыліся спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай fashion-індустрыі. Цэны на імпартнае адзенне выраслі, а выбар звузіўся. Прычым не толькі праз тое, што з Беларусі сышлі некаторыя масмаркетавыя брэнды.
Па словах спецыялісткі па стратэгічным іміджы Кацярыны Гардзеевай, у брэндаў, якія засталіся ў Беларусі, таксама ёсць праблемы з асартыментам.
«Масмаркет-брэнды пастаўляюць у свае беларускія крамы адзенне па рэшткавым прынцыпе, таму, апроч высокай цаны, мы маем яшчэ і бедны асартымент», — тлумачыць спецыялістка.
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Усё гэта грае на руку беларускім вытворцам, бо тканіну яны закупляюць у Турцыі, якая да санкцый супраць Беларусі не далучылася.
«Апроч гэтага, у нас даволі танная працоўная сіла, што дапамагае мясцовым вытворцам быць канкурэнтназдольнымі».
Што тычыцца дробных вытворцаў, то яны, па словах спецыялісткі, закупляюць тканіну ў Расіі. Блакада з Захаду на іх ніяк не ўплывае.
«Калі буйныя вытворцы закупаюць тканіну кіламетрамі, то больш дробныя закупляюцца ў Маскве абрэзкамі даўжынёй да 30-50 метраў».
Дробныя брэнды таксама атрымліваюць дывідэнды за кошт расіян
Нават беларускія дызайнеры, якія не выходзяць на расійскі рынак непасрэдна, усё адно павялічылі прадажы ў тым ліку за кошт купцоў з Расіі, бо паездкі на шопінг у Беларусь цяпер — папулярны занятак у расіян.
Нягледзячы на тое, што для беларускіх брэндаў адзення насталі вельмі добрыя часы, Кацярына Гардзеева не ўпэўненая, што гэта будзе доўгатэрміновы трэнд.
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Канкурэнцыя можа вярнуцца
«Калі папулярныя масмаркет-брэнды адзення вернуцца на рынкі Беларусі і Расіі з поўным асартыментам і адэкватнымі цэнамі, то беларускім вытворцам стане цяжка з імі канкураваць».
Але спрагназаваць, калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца наогул — немагчыма. Таму прынамсі ў найбліжэйшы час у fashion-брэндаў родам з Беларусі застаюцца ўсе магчымасці для таго, каб працягваць заваёўваць рынак і павялічваць прыбытак.
«Цяпер справы ідуць значна лепш». Якія бізнэсы расквітнелі на фоне вайны і санкцый
Што будзе з таксі? Меркаванні перавозчыкаў
Польскі інвестар сеткі «Буслік» атрымае кампенсацыю за страту бізнэсу ў Беларусі