«Гэта было дзве гадзіны, «да трусоў», з панятымі». Як праходзяць надгляды і праверкі на мяжы Беларусі
Практыка ўзмоцненых праверак і надглядаў на ўездзе ў Беларусь і выездзе з краіны захоўваецца. Памежнікі і людзі ў цывільным правяраюць тэлефоны, асабістыя рэчы, праводзяць «гутаркі».
17.04.2024 / 08:14
Фота: av.by
Практыка ўзмоцненых праверак і надглядаў на ўездзе ў Беларусь і выездзе з краіны захоўваецца. Памежнікі і людзі ў цывільным правяраюць тэлефоны, асабістыя рэчы, праводзяць «гутаркі».
На такія праверкі трапляюць як украінцы, так і беларусы, якія былі заўважаныя ў пратэстнай актыўнасці. Выданне BGMedia сабрала расказы відавочцаў з тэматычных чатаў.
Адна з гісторый здарылася ноччу з 14 на 15 красавіка ў аўтобусе Мінск — Коўна.
«14.04. Мінск-Коўна. 23:30 выезд з Мінска. 01:50 шлагбаўм РБ. 02:05 — 02:48 пашпартны. Да 04:05 асабісты надгляд аднаго пасажыра. 04:13 шлагбаўм РБ.
У выпадку з нашым пасажырам гэта было «да трусоў» з панятымі, а не проста з рэчамі. Перапісалі ў пратакол агляду ўсе рэчы да апошняй ніткі. Нічога не знайшлі, гэта пратакол надгляду, а не парушэнні. Але запаўнялі яго больш за гадзіну. Неяк так».
Са слоў відавочца, так старанна правяралі грамадзяніна Беларусі з Ашмянаў. Яго ў Літву ў выніку выпусцілі. Яшчэ адзін падарожнік расказаў пра праверку на ўездзе ў Беларусь з Літвы. Аўтобус, які ехаў з Коўна ў Мінск, затрымалі ў беларускім пункце пропуску з-за праверкі беларускіх пасажыраў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе, і грамадзян Украіны:
«Аўтобус Коўна — Мінск. З Коўна ў 8.30. Заканчваем белмяжу. Затрымка з-за «гутарак». Аналагічна перад намі і пасля нас праходжанне мяжы залежыць ад колькасці знятых на гутарку. Пашпарт Украіны і 20-ы год».
Яшчэ адзін беларус расказаў, што пасажыра яго аўтобуса, які ехаў з Польшчы ў Беларусь, аштрафавалі за фота ў пункце пропуску. Мужчына вырашыў зрабіць фатаграфію для жонкі і атрымаў «адміністрацыйку» ад беларускіх памежнікаў.
Працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы расказваюць, што такія праверкі могуць займаць больш за шэсць гадзін — у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі.
Беларусам рэкамендуюць перасякаць мяжу з Польшчай па новай схеме
500 еўра за праезд без чаргі. На польскай мяжы квітнее бізнэс па аб'ездзе «калейкі»
Чарга з легкавушак на выезд з Літвы ў Беларусь расцягнулася на тры кіламетры