У Гродне з-за пахаладання зноў уключаюць ацяпленне ў дамах
У Гродне ў жылым фондзе зноў уключаць ацяпленне. Гэта звязана з падзеннем сярэднясутачнай тэмпературы паветра, паведамляе «Гродна Плюс». Раней, з 8 красавіка, у гэтым горадзе першым з буйных гарадоў у Беларусі пачалі адключаць ацяпленне з-за прыходу цёплага надвор'я.
16.04.2024 / 21:31
«У сувязі з паніжэннем тэмпературы і будучым прагнозам надвор'я з сённяшняга дня зноў будзе ўключана падача цяпла ў дамы. Пра гэта паведамілі ў Гродзенскім гарвыканкаме», — інфармуе гарадскі тэлеканал.
Гаворка ў гэтым выпадку пра другую чаргу аб'ектаў: гэта агульнагарадскія лазні, тэатры, бальніцы, установы адукацыі, а таксама інтэрнаты і жылы фонд, удакладнілі ў «Гроднаэнерга».
Учора стала вядома, што на аналагічны крок пайшлі гарадскія ўлады ў Віцебску.
У Беларусі рашэнне аб завяршэнні ацяпляльнага сезона прымае мясцовая ўлада. У бальніцах, садках і школах гэта, як правіла, робяць пры сярэднясутачнай тэмпературы вонкавага паветра +10℃ на працягу трох сутак. Для кватэр тэмпература знешняга паветра не павінна перавышаць + 8℃.
На гэтым тыдні ў Беларусь прыйшло пахаладанне. Сіноптыкі прагназуюць дажджы і нават мокры снег.
Зноўку пачалі ўключаць ацяпленне
Ацяпленне ў Мінску перавялі на мінімум
Ацяпленне пачалі адключаць у буйных гарадах