Дураў абвергнуў сувязь Telegram з расійскімі ўладамі
Заявы аб тым, што месенджар звязаны з расійскімі ўладамі, выгадныя канкурэнтам, што бачаць пагрозу ў хуткім развіцці месенджара, мяркуе Дураў.
17.04.2024 / 07:23
Павел Дураў. Фота: AOP.Press / Corbis via Getty Images
Сцвярджэнні, што Telegram падкантрольны расійскім уладам, распаўсюджваюць людзі, якія маюць «вельмі абмежаванае ўяўленне» пра тое, адкуль з'явіўся месенджар. Пра гэта заснавальнік платформы Павел Дураў заявіў у інтэрв'ю Такеру Карлсану, піша РБК.
«Магчыма, іх могуць заахвочваць нашы канкурэнты, якія бачаць у гэтым просты спосаб нас дыскрэдытаваць, бо, вы бачыце, Telegram распаўсюджваецца з хуткасцю ляснога пажару», — лічыць ён.
Па словах прадпрымальніка, у месенджар штодня рэгіструюцца 2,5 млн карыстальнікаў, іх агульная колькасць дасягнула 900 млн, што стала «свайго роду пагрозай» для канкуруючых гульцоў.
«Я не здзіўлены, што існуе такое меркаванне, бо нашы канкурэнты трацяць дзясяткі мільярдаў на маркетынг і вядомыя тым, што выкарыстоўваюць PR для такіх кампаній», — сказаў Дураў.
Ідэя стварыць Telegram прыйшла Дураву, калі ён яшчэ быў у Расіі і трапіў у «вельмі стрэсавую сітуацыю», распавёў бізнэсовец.
З ягоных слоў, калі Дураў яшчэ кіраваў сацсеткай «УКантакце», улады запатрабавалі ад яго падаць асабістыя звесткі арганізатараў пратэстаў ва Украіне. Ён адмовіўся, пасля чаго да яго прыходзілі з ператрусам сілавікі.
Са слоў Дурава, яму прапанавалі два варыянты: альбо падпарадкоўвацца патрабаванням расійскага кіраўніцтва, альбо прадаць долю ва Vk.com, сысці з пасады генеральнага дырэктара і пакінуць краіну.
«Я выбраў апошняе», — сказаў ён.
Дураў паведаміў, што вырашыў стварыць Telegram, бо «зразумеў, што не існуе бяспечных сродкаў камунікацыі».
Дураў быў звольнены з пасады гендырэктара «УКантакце» вясной 2014 года. Пасля гэтага ён паведаміў, што знаходзіцца не ў Расіі і не плануе вяртацца, бо краіна «не сумяшчальная з інтэрнэт-бізнэсам».
Павел Дураў даў інтэрвʼю Такеру Карлсану
Павел Дураў паабяцаў новую функцыю ў тэлеграме спецыяльна для нашага рэгіёна
«Мы рызыкуем пагоршыць сітуацыю». Павел Дураў патлумачыў, чаму не закрые тэлеграм-канал ХАМАС