Кампазітар Эдуард Ханок ездзіць па Мінску на аўтобусе і метро
«Што тычыцца лецішча, машын, то я не прыхільнік гэтага стылю жыцця», — кажа маэстра, якому сёння споўнілася 84 гады.
18.04.2024 / 09:55
Эдуард Ханок. Фота: Ларыса Кудраўцава.
Беларускі кампазітар Эдуард Ханок патлумачыў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», чаму ён аддае перавагу ездзіць не на машыне ці таксі, а на грамадскім транспарце, звярнула ўвагу «Камсамолка».
— Я езджу толькі грамадскім транспартам. Чаму? Бо чалавек, які вядзе сядзячы лад жыцця, павінен рухацца, — аргументаваў ён.
Пры гэтым Ханок заўважыў, што машына ў сям'і маецца — у зяця. Але кампазітар аддае перавагу аўтобусу і метро.
— Што тычыцца лецішча, машын, то я не прыхільнік гэтага стылю жыцця. Сваю першую машыну, «Волгу», я падарыў зяцю. Дарэчы, у свой час такую машыну можна было атрымаць па распараджэнні старшыні ўрада. Калі я атрымаў участак зямлі пад Менскам на лецішча, тут жа аддаў яго зяцю. Так што ні лецішча, ні машыны ў мяне няма, езджу на грамадскім транспарце, а больш хаджу пешшу, тым больш што для мяне пасля Масквы — Менск, як пасля Мінска — Пінск, — казаў ён у 2015-м напярэдадні свайго 75-годдзя.
— Часам мне кажуць: падвязем. Я кажу: калі ласка. Адзін раз жа можна пад'ехаць. Але кайфу я не атрымліваю. Для мяне машына — як скрынка. Сядзіш, як у скрыні, — тлумачыць ён.
І дадае:
— Я хоць дурны, але хітры. Я падлічыў: калі 500 сустрэч і плаціць за таксі, то гэта грошы, якія я лепш раздам сваім унукам. І здароўе зберагу, і справу карысную зраблю.
У Эдуарда Сямёнавіча і яго жонкі Еўлаліі Іванаўны, з якой яны разам больш за 60 гадоў, трое дзяцей — Руслана, Аляксей і Святлана. Руслана па прафесіі педагог, жыве ў Мінску недалёка ад бацькоў, сын-прадпрымальнік, жыве ў Падмаскоўі, а малодшая, Святлана, у юнацтве выбрала творчую сцежку, спрабавала заявіць сябе як спявачка, але пасля пераезду ў Ізраіль адмовілася ад гэтай ідэі, аддаўшы перавагу офіснай працы ў Міністэрстве аліі і інтэграцыі.
Маю анкалогію справакаваў скандал з Паплаўскай — Ханок
«Малінавая Лада». 83-гадовы кампазітар Ханок спяваў дзецям рускую папсу ВІДЭА
Ханок: Саладуха купіў у мяне ў 1992 годзе песню «Здравствуй, чужая мілая» за 25 тысяч даляраў