У Польшчы затрымалі двух чалавек, якіх падазраюць у збіцці расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні
19.04.2024 / 10:36
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў 19 красавіка, што ў Польшчы затрыманы два чалавекі, якія падазраюцца ў збіцці расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні, піша LRT.
Леанід Волкаў. Фота: AP Photo / Jean-Francois Badias
«У Польшчы затрыманы два чалавекі, якія падазраюцца ў збіцці расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава. Я дзякую Польшчы за выдатную працу, якую яна зрабіла, я гаварыў аб гэтым з прэзідэнтам Польшчы і падзякаваў ім за выдатнае супрацоўніцтва», — сказаў прэзідэнт Наўседа.
Кіраўнік Літвы таксама падзякаваў спецыялістам літоўскай крымінальнай разведкі, якія правялі першапачатковую і падрыхтоўчую работу.
«У бліжэйшы час, пасля завяршэння працэсуальных дзеянняў, гэтыя асобы будуць перададзены Літве», — сказаў ён. Аднак не ўдакладніў, калі гэта можа адбыцца.
Наўседа таксама не ўдакладніў, хто гэтыя людзі і грамадзянамі якой краіны з'яўляюцца.
«Я пакуль не ведаю ніякіх іншых падрабязнасцяў, але магу сказаць: я бачыў, як энергічна і настойліва працавала літоўская паліцыя на працягу апошняга месяца па гэтай справе, і вельмі рады, што гэтая праца апынулася выніковай», — напісаў Волкаў у твітары.
На паплечніка Навальнага Леаніда Волкава напалі ў Вільні 12 сакавіка. Яму разбілі малатком акно ў машыне і распылілі ў вочы слёзатачывы газ, пасля чаго нападнік стаў біць Волкава малатком.