Выйшаў на волю Андрэй Дзмітрыеў. Ён адседзеў прысуджаныя яму паўтара года
З віцебскай калоніі 20 красавіка вызваліўся лідар «Гавары праўду» і кандыдат у прэзідэнты — 2020 Андрэй Дзмітрыеў.
20.04.2024 / 11:07
Сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Яго затрымалі 11 студзеня 2023 года.
Суд прызнаў палітыка вінаватым паводле часткі першай артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яму прысудзілі год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле абвінавачання, Дзмітрыеў удзельнічаў у трох акцыях пратэсту, нібыта знаходзіўся на праезнай частцы дарогі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць гэтыя дзеянні.
Пазней Дзмітрыеў быў унесены ў «спіс экстрэмістаў». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Як паведамлялася, Дзмітрыеў адбываў свой тэрмін у папраўчай калоніі №3 пад Віцебскам. Там ён працаваў на ачыстцы дроту ад ізаляцыі, а ў вольны час вучыўся пісаць левай рукой і вывучаў іспанскую мову. Пакуль мужчына знаходзіўся ў зняволенні, у яго памерла маці.
Па нашых падліках, тэрмін зняволення ў Андрэя Дзмітрыева мусіў заканчвацца 21 красавіка. Як вядома, у нядзелю вызваленне не праводзіцца, таму дата вызвалення Дзмітрыева ссунулася на дзень раней.
Андрэй Дзмітрыеў у калоніі вучыцца пісаць левай рукой і вучыць іспанскую мову
«Кожную раніцу чытае Біблію на беларускай мове». Як трымаецца ў СІЗА Андрэй Дзмітрыеў