Рэдкі выпадак: Віцебскі суд прызнаў, што мужчыну два гады таму адправілі на суткі незаконна

І спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

19.04.2024 / 22:20

Фота: Віцебскі аблвыканкам

У 2022 годзе жыхар Талачынскага раёна атрымаў сем сутак арышту за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду. Аднак праз два гады суд прызнаў гэтае рашэнне незаконным, заўважыў «Віцебск, я гуляю».

У красавіку 2022 года суд устанавіў за жыхаром Віцебшчыны прэвентыўны нагляд тэрмінам на шэсць месяцаў. Мужчына павінен быў рэгулярна адзначацца ў мясцовым аддзяленні міліцыі. Там склалі адпаведны графік — мужчына павінен быў з'яўляцца кожны першы і трэці панядзелак месяца. Дакумент падпісаў намеснік начальніка Талачынскага РАУС.

Як аказалася, па законе такі графік можа падпісваць толькі начальнік РАУС. Віцебскі абласны суд заявіў: паколькі дакумэнт быў падпісаны намеснікам, на яго падставе нельга было выносіць рашэнне аб парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду.

Па гэтай прычыне, а таксама з-за заканчэння тэрміну даўнасці і зняцця прэвентыўнага нагляду, абласны суд пастанавіў спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Nashaniva.com