У якіх рэгіёнах Беларусі Пазняк перамог Лукашэнку на выбарах-1994?
У родным Іўеўскім раёне Зянона Пазняка падтрымалі 40% выбарцаў.
23.06.2024 / 10:28
Зянон Пазняк
24 красавіка Зянон Пазняк адзначае 80-годдзе. Бясспрэчна, гэта адзін з самых пазнавальных беларускіх палітыкаў. Безадносна таго, ці падзялялі людзі яго погляды, дзейнасць Пазняка і Беларускага народнага фронта пад яго кіраўніцтвам сталі яркай старонкай у гісторыі краіны.
У 1994 годзе Пазняк змагаўся за пасаду першага прэзідэнта Беларусі. Тыя выбары — знаходка для аматараў электаральнай геаграфіі. Шэсць кандыдатаў — Аляксандр Лукашэнка, Вячаслаў Кебіч, Зянон Пазняк, Аляксандр Дубко, Васіль Новікаў — прапаноўвалі рознае бачанне шляхоў развіцця Беларусі.
Пераможцы на прэзідэнцкіх выбарах-1994 ў розных рэгіёнах. Сіні колер — Лукашэнка, зялёны — Кебіч, фіялетавы — Пазняк. Шушкевіч (чырвоны) перамог у Савецкім раёне Мінска. А Дубко набраў падзяліў перамогу з Лукашэнкам у Ашмянскім раёне
Проста ацаніце ўзровень барацьбы ў Савецкім раёне Мінска — за Шушкевіча тут прагаласавалі 23,4% выбарцаў, за Лукашэнку — 21,6%, за Пазняка — 21%, за Кебіча — 20,7%!
Дагэтуль можна пачуць меркаванні пра карэкціроўку вынікаў выбараў на месцах на карысць тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Адміністратыўны рэсурс сапраўды мог быць выкарыстаны, але праз 30 гадоў ацаніць ступень фальсіфікацый (нават калі яны і былі) складана, амаль немагчыма. Гісторыкам застаецца аналізаваць афіцыйныя лічбы.
Такім чынам, у якіх рэгіёнах Зянон Пазняк быў пераможцам выбараў?
Гэта восем адміністратыўных адзінак.
1) Іўеўскі раён — радзіма Зянона Пазняка. Тут за земляка прагаласавалі 40% выбарцаў!
2-3) Смаргонь і Смаргонскі раён. У той час гарвыканкам і райвыканкам існавалі асобна, таму вынікі галасавання падзеленыя. У Смаргоні за Пазняка было 38% (а ў Лукашэнкі толькі трэцяе месца), а ў суседніх вёсках — 34%.
4) Маладзечна — першы вялікі горад за Зянона, тут ён набраў 32,3%. Дарэчы, менавіта ў Маладзечне зафіксавалі анамальна вялікую колькасць галасоў «супраць усіх» — больш за 15%. Магчыма, гэта быў пратэст супраць таго, што мясцовы мэр Генадзь Карпенка так і не трапіў у спіс кандыдатаў у прэзідэнты. У навакольных вёсках у Пазняка таксама нямала — 26,9%, але для перамогі гэтага не хапіла.
5) Ліда — тут сітуацыя падобная. За Пазняка прагаласавалі 31,8%, Лукашэнка адстаў ад яго. У лідскіх вёсках Зянон набраў 29,8%, але гэтага не хапіла для перамогі.
6) Вілейка — барацьба была шалёная. У Пазняка 31,6%, у Лукашэнкі 31,3%. Калі перавесці ў рэальныя лічбы, то розніца склала ўсяго 50 галасоў.
7) Астравецкі раён. На месцы будучага будаўніцтва АЭС Лукашэнка стаў толькі чацвёртым (15%). Ён прапусціў наперад і Дубко (18%), і Кебіча (21%), і Пазняка (27%).
8) Браслаўскі раён. На паўночным захадзе Беларусі Пазняку хапіла для перамогі 26%. Розніца з Лукашэнкам — 0,3% ці прыблізна тыя самыя 50 галасоў.
Пазняк | Лукашэнка | Кебіч | Шушкевіч | Дубко | Новікаў | ||
1 | Іўеўскі раён | 40.0% | 26.7% | 9.0% | 7.9% | 8.0% | 2.0% |
2 | Смаргонь | 38.0% | 16.0% | 18.0% | 16.0% | 4.5% | 2.0% |
3 | Смаргонскі раён | 34.0% | 20.6% | 13.0% | 9.0% | 15.6% | 1.9% |
4 | Маладзечна | 32.3% | 25.3% | 4.1% | 14.6% | 3.9% | 4.5% |
5 | Ліда | 31.8% | 24.9% | 15.0% | 15.0% | 4.0% | 3.0% |
6 | Вілейка | 31.6% | 31.3% | 11.3% | 12.9% | 3.4% | 4.6% |
7 | Астравецкі раён | 27.0% | 15.0% | 21.0% | 9.0% | 18.0% | 1.9% |
8 | Браслаўскі раён | 26.0% | 25.7% | 12.9% | 6.7% | 19.6% | 3.3% |
Пералічым яшчэ некалькі раёнаў, дзе за Пазняка прагаласавала сапраўды шмат выбарцаў, хоць гэтага і не хапіла для перамогі. Гэта Столінскі раён (31,8%), Глыбоцкі раён (27,9%),Ваўкавыск (27,6%) і Мядзельскі раён (26,9%).
Што да буйных гарадоў, то ў Салігорску ў Пазняка было 24%, у Мінску — 20,9%, у Жодзіне — 19,1%, у Гродна — 17%.
Доля галасоў за Зянона Пазняка на прэзідэнцкіх выбарах-1994. Чым больш насычаны сіні колер, тым большая падтрымка
У выніку Пазняк заняў трэцяе месца з 12,8% галасоў. Ён саступіў Вячаславу Кебічу (17,33%) і Аляксандру Лукашэнку (44,82%), якія і трапілі ў другі тур. Што адбылося далей, можна бачыць і дагэтуль.
Пазняк — Радзінай: Што вы лезеце ў палітыку?
Навумчык адказаў Халезіну: Ні я, ні Пазняк не атрымлівалі ў эміграцыі ні цэнта сацыяльнай дапамогі