Туск: Спецслужбы Беларусі і Расіі актывізавалі спробы ўмяшання ў выбары ў Еўрапарламент
Па словах прэм'ера Польшчы, выбары ў Еўрапейскі парламент — адны з самых важных выбараў у пасляваеннай гісторыі Польшчы.
25.04.2024 / 08:21
Дональд Туск. Фота: Omar Marques / Getty Images
Расійскія і беларускія спецслужбы актывізавалі спробы паўплываць на ход падзей у Еўропе шляхам умяшання ў выбары ў Еўрапарламент. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, піша Польскае радыё.
«Расійскія службы і беларускія службы спрабуюць па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Польшчы, усё больш актыўна ўплываць на ход падзей. І мы гэта ведаем, сігналы паступаюць з усіх еўрапейскіх сталіц», — падкрэсліў кіраўнік польскага ўрада.
Па словах Дональда Туска, будучыя выбары ў Еўрапейскі парламент — адны з самых важных выбараў у пасляваеннай гісторыі Польшчы.
«Ніколі яшчэ гэтыя пытанні, якія таксама будуць вырашацца ў Еўрапарламенце, ва ўсёй Еўропе, ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах, не былі так важныя і ніколі яшчэ яны не аказвалі такога радыкальнага ўплыву на наша паўсядзённае жыццё, як цяпер, у момант вайны, у момант пагроз, пра якія Еўропа некалькі гадоў таму нават не думала», — сказаў польскі прэм'ер.
Выбары ў Еўрапарламент пройдуць з 6 па 9 чэрвеня ва ўсіх краінах Еўрапейскага Саюза. У Польшчы будуць абраныя 53 еўрадэпутаты.
«Выпалім жалезам». Туск паведаміў, што напад на паплечніка Навальнага заказаў беларус
Стала вядома, якія з палітыкаў найбольш папулярныя і ненавісныя ў Еўропе