У Клецку паўстае новы касьцёл

20 жніўня 2006 г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку адбылася закладка вуглавога каменя пад пабудову новага парафіяльнага касцёла. Гэтую ўрачыстасць узначаліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка.

22.08.2006 / 18:00

20 жніўня 2006 г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку адбылася закладка вуглавога каменя пад пабудову новага парафіяльнага касцёла. Гэтую ўрачыстасць узначаліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка.

Касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы існаваў у Клецку з 1459 г. У перыяд паміж сусветнымі войнамі мясцовая парафія налічвала каля пяці тысяч вернікаў. Цяжкі лёс выпаў гэтай супольнасці: падчас гітлераўскай акупацыі былі расстраляны клецкія святары, а ў 1953 г. атэістычныя савецкія ўлады ўзарвалі старажытную святыню. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў каталікі Клецка і навакольных парафій не мелі ні касцёлаў, ні святароў.

З пачаткам перабудовы мясцовыя вернікі пачалі прадпрымаць захады па вяртанні адзінага ацалелага ў горадзе касцёла – былога дамініканскага. Аднак насуперак логіцы і гістарычнай справядлівасці мясцовыя ўлады чамусьці вырашылі перадаць каталіцкую святыню праваслаўным… Але каталіцкія вернікі Клецка, якія з часоў вайны заставаліся без душпастыра, не здаліся і вырашылі будаваць новы касцёл на тэрыторыі, выдзеленай гарадскімі ўладамі.

Намаганнямі клецкага пробашча кс. Эрвіна Вячорка MSF быў закладзены фундамент новай святыні, узведзены муры, а таксама часткова вежы, і накрыты дах. У касцёле ўжо нават з’явіліся шыбы. Аднак пакуль што парафіяне моляцца у часовым драўляным будынку, размешчаным непадалёк.

Менавіта там біскуп Антоній Дзям’янка цэлебраваў у нядзелю ўрачыстую святую Імшу, пасля якой усе яе ўдзельнікі ў працэсіі накіраваліся да будоўлі. За крыжам прадстаўнікі трох пакаленняў – маленькі хлопчык, сужэнская пара і пажылыя асобы – неслі тры цагліны з муроў зруйнаванага атэістычнымі савецкімі ўладамі касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Гэтыя гістарычныя цагліны былі закладзены ў муры новай клецкай святыні, дзе мясцовыя вернікі змогуць збірацца на святую Эўхарыстыю і прымаць іншыя сакрамэнты.

Пасля закладкі цаглін біскуп Антоній Дзям’янка выказаў шчырую падзяку ўсім, хто ўзяў на свае плечы клопат па адраджэнні касцёла ў Клецку, і выказаў надзею на тое, што хутка ўжо прыйдзе той час, калі вернікі будуць маліцца ў прыгожай і прасторнай святыні, таксама, як і іх продкі на працягу многіх стагоддзяў. На малітву іх будзе склікаць гук старажытнага звона вагою амаль у тону, які захоўваўся ў дзяржаўным музеі і нядаўна быў вернуты прафіі. Тады назаўсёды адыдуць у гісторыю часы, калі клецкія вернікі вымушаны былі туліцца ў маленькай хацінцы, якая на доўгія гады стала для іх месцам малітвы.

Catholic.By