Радзіму наведаў адзіны ў свеце беларус-камельдул. А хто такія камельдулы?

Адзіны ў свеце беларус-камельдул наведаў свой родны горад — Ваўкавыск. Камельдулы — малараспаўсюджаная каталіцкая манаская кангрэгацыя з найбольш строгім ладам жыцця. Сустрэць манахаў гэта ордэна амаль немагчыма — яны пакідаюць кляштар толькі ў выключных выпадках і жывуць адасобленым жыццём. Усяго ва ўсім свеце цяпер толькі каля 50 камельдулаў, і адзін з іх — айцец Ян з Беларусі, піша Katolik.life.

29.04.2024 / 17:26

Злева — айцец Ян, справа — дамініканец з Магілёва Раман Шульц, які апублікаваў гэта фота

Як расказалі парафіяне каталіцкай парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску, адкуль паходзіць айцец Ян, ягонае свецкае імя — Эдуард Сакалоўскі. Яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў ён прыйшоў у ордэн, у 2020 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. 

55-гадовы айцец Ян жыве ў кляштары камельдулаў у польскім Кракаве. І толькі цяпер ён атрымаў магчымасць прыехаць у родную парафію, каб 28 красавіка 2024 года цэлебраваць тут прыміцыйную (першую пасля таго, як стаў святаром) святую Імшу.

Айцец Ян — у цэнтры. Фота: Ваўкавыская парафія

Шлях манаскага жыцця Эдуард абраў пасля таго, як трапіў у сур'ёзную аўтакатастрофу і выжыў пасля яе. Больш пра яго нічога не расказваюць праз закрыты характар ягонага жыцця.

«Памятаю, як ён раней прыходзіў у касцёл — вельмi пабожна i засяроджана малiўся, шукаў Бога і адправіўся менавіта ў гэты ордэн», — падзялілася верніца.

Камельдулы (або камедулы, камальдулы) — гэта адзін з самых суровых, ізаляваны ад свету ордэн, якому ўжо больш за 1000 гадоў. Манахі жывуць па старажытным статуце святога Бенедыкта і ў адпаведнасці з суровымі патрабаваннямі пустэльніцкага жыцця па прыкладу святога Рамуальда.

Асноўнымі асаблівасцямі статута з'яўляюцца строгія пасты, адасоблены лад жыцця, зарок маўчання, практыка начнога чытання Літургіі гадзін. Харызмай айцоў з'яўляецца малітва за тых, хто наогул не моліцца і не думае пра Бога.

Дзень у кляштары пачынаецца ў 3:30, распарадак уключае не толькі малітву, духоўныя чытанні, але і фізічную працу па гаспадарцы. Праца, малітва, чытанне, разважанне, пакаянне, пост, адзінота і пастаяннае маўчанне служаць для поўнага яднання з Богам на шляху выратавання сябе і іншых.

Кляштар у Кракаве, у якім жыве айцец Ян

Кожны брат выконвае зарок маўчання і жыве ў сваёй пустэльніцкай келлі (або ўласным асобным дамку), пакідаючы яе толькі для агульнай малітвы. Ежу камельдулы таксама, як правіла, прымаюць у сваіх келлях, не ядуць мяса. Размаўляюць выключна ў выпадках крайняй неабходнасці. У кляштары няма радыё, тэлебачання, гаджэтаў, не практыкуецца выхад за межы тэрыторыі кляштара, не прадугледжаныя вакацыі і наведванні сваякоў.

Усё гэта манахі робяць па сваёй волі з любові да Бога. У той жа час у свеце, у тым ліку ў Беларусі, існуе мноства іншых манаскіх кангрэгацый, якія вядуць больш адкрыты лад жыцця, апостальскую дзейнасць: францішканцы, дамініканцы, салезіянцы і іншыя.

У Гомелі расследуюць загадкавую смерць 47-гадовай манахіні

Каталіцкія манашкі ў Мінску зладзілі на Вялікдзень прабег на самакатах 

«Для Гродзенскай дыяцэзіі гэта рэкорд па беларусізацыі». Што вядома пра новапрызначанага біскупа Гуляя

Папа прызначыў у Беларусі новага біскупа. У Гродзенскай дыяцэзіі чакаюцца перамены?

Nashaniva.com