«Магу ехаць дадому? Праўда? Дзякуй». У Познані суд вынес прысуд па справе двух беларусаў, абвінавачаных у шпіянажы

Аднаго з абвінавачаных, 57-гадовага кіроўцу і музыку Дзмітрыя Н., апраўдалі за адсутнасцю доказаў, другому, 51-гадоваму вайскоўцу ў адстаўцы Андрэю Р., далі тры гады, хоць пракуратура запытвала пяць, піша Most.

29.04.2024 / 19:21

Здымак ілюстрацыйны. Фота: everything possible / vecteezy.com

Андрэя Р. і Дзмітрыя Н. затрымалі ў красавіку 2022 года і з таго часу яны доўгі час утрымліваліся пад вартай. Паводле паведамлення выдання Gazeta Wyborcza, за некалькі тыдняў да прысуду Дзмітрыя Н. вызвалілі з-пад варты, але забаранілі яму пакідаць Польшчу.

Судовы працэс пачаўся ў кастрычніку 2023 года. Але тады суд пастанавіў, што, паколькі справа звязаная з дзяржаўнай таямніцай, публічным будзе толькі чытанне абвінаваўчага заключэння, а далейшы працэс пройдзе за зачыненымі дзвярыма.

У панядзелак, 29 красавіка, прысуд абвясцілі, частка яго таксама была засакрэчаная.

Следства меркавала, што мужчыны прыехалі ў Польшчу для працы кіроўцамі, аднак асноўнай іх мэтай было назіраць за вайсковымі і цывільнымі аб'ектамі, якія маюць крытычна важнае значэнне для абараназдольнасці Польшчы. Паведамлялася, што гэта аб'екты на захадзе краіны.

Следства меркавала, што беларусы збіралі інфармацыю менш за месяц — з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 года. Суд палічыў даказанай віну толькі аднаго з падсудных — Андрэя Р. Пры гэтым суд адзначыў, што доказаў яго віны было мала, але гэта сведчыць «пра высокі прафесіяналізм абвінавачанага і ўменне пазбегнуць выкрыцця», паведамляе партал Codziennypoznan.

Суддзя Катажына Вольф патлумачыла, што пакаранне — тры гады пазбаўлення волі — хоць і можа падацца мяккім, але адэкватнае злачынству. Суд улічыў невялікі тэрмін збору даных, а таксама адсутнасць доказаў таго, што падсудны паспеў каму-небудзь іх перадаць.

Вядома, што абарона мае намер аспрэчыць гэты прысуд, паколькі Андрэй Р. настойвае, што невінаваты.

Доказаў віны Дзмітрыя Н. суд не знайшоў. Так, абвінавачванне не даказала, што ў мужчыны меліся фота або апісанні вайсковых або цывільных аб'ектаў, крытычна важных для абараназдольнасці дзяржавы. Фактычна справа ў дачыненні да мужчыны была пабудаваная толькі на падставе яго знаёмства з Андрэем Р., з якім яны разам хадзілі па пакупкі і на прагулкі, піша Gazeta Wyborcza.

Па словах самога Дзмітрыя, ён быў знаёмы з Андрэем Р. толькі тры тыдні, разам яны хадзілі ў краму. У дачыненні да Дзмітрыя Н. суддзя вынесла апраўдальны прысуд, а таксама адмяніла паліцэйскі нагляд і абмежаванне на выезд. Цяпер ён зможа паехаць у Беларусь.

«Магу ехаць дадому? Праўда? Дзякуй», — прыводзіць рэакцыю Дзмітрыя польскае медыя.

У Вільні шукаюць людзей, гатовых за грошы шпіёніць за літоўскімі спецслужбамі і здымаць акцыі беларусаў

Некалькі грамадзян Літвы падазраюцца ў шпіянажы для беларускіх спецслужбаў

У краінах Балтыі затрымалі 11 чалавек па падазрэнні ў працы на расійскія спецслужбы

Кіраўнік літоўскай рэдакцыі «Спутніка» раскаяўся і расказаў пра кухню прапагандысцкай сеткі, метадычкі і свае заробкі

Nashaniva.com