Сахашчык патлумачыў, навошта пісаў свой сакрэтны ліст пра атакі беспілотнікаў па Беларусі

Валерый Сахашчык выдаў заяву ў сувязі са сваім лістом ад 23 красавіка, які перасцерагаў ад магчымых правакацый супраць беларускіх аб'ектаў крытычнай энэргетычнай інфраструктуры. Пасля штосьці падобнае гаварыў падчас выступлення на Усебеларускім народным сходзе старшыня КДБ Іван Церцель.

29.04.2024 / 23:36

Валерый Сахашчык. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай

Паводле таго ліста, які трапіў да журналістаў тэлеканала «Белсат», нібыта беларусы з Літвы і Польшчы, якія звязаныя з «Паспалітым рушаннем» і «Ліцвінамі» (добраахвотніцкае абʼяднанне беларусаў у Літве), рыхтавалі ўдарны беспілотнік для таго, каб атакаваць абʼекты энергетычнай інфраструктуры ў Беларусі. Валерый Сахашчык, калі журналісты «Белсата» яго запыталіся, ці не фэйк гэта, пацвердзіў, што ліст сапраўдны, але вельмі прасіў яго не публікаваць, а ад іншых каментароў тады адмовіўся.

Паводле цяперашняй заявы Сахашчыка, пагроза правакацыі, пра якую пісалася ў лісце, сапраўды існавала. Адпаведную ж інфармацыю ён нібыта атрымаў «з афіцыйных крыніц у кампетэнтных ведамствах шэрагу заходніх краін».

Мэтай жа ліста было апавяшчэнне пра магчымыя наступствы «ўсіх, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй».

«Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб прадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку», — падкрэслівае Сахашчык.

Паводле яго, «гаворка ішла пра прафілактычнае прававое інфармаванне, абарону жыццяў беларусаў і прадухіленне ваеннай эскалацыі, якая выключна ў інтарэсах Расіі».

Пры гэтым Сахашчык абяцае, што «мы і ў далейшым працягнем выконваць свае абавязкі па прадухіленні любых правакацый, здольных нанесці шкоду беларусам і гуляць на руку рэжымам Лукашэнкі і Пуціна».

Што да шкоды агульнай справе, то яна нанесеная была, але «не нашым дакументам, а асобамі, якія арганізавалі яе ўцечку ў СМІ і КДБ, а таксама дапусцілі публікацыю дакумента».

Спецслужбы ж Лукашэнкі, па словах Сахашчыка, «у сваю чаргу, па даўняй традыцыі не прыдумалі нічога лепш, чым максімальна раздзьмуць узровень пагрозы і прыпісаць сабе нейкія «вострыя чэкісцкія мерапрыемствы» для птушачкі і прэміі».

На заканчэнне Сахашчык заклікае незалежныя беларускія СМІ «не публікаваць дакументы з грыфам сакрэтнасці і не правакаваць тым самым канфліктную сітуацыю ўнутры дэмакратычных сіл». 

Аповед Церцеля пра атаку дронаў з Літвы можа быць заснаваны на лісце Сахашчыка?

Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту з нагоды заяваў Церцеля

Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

«Гэта трызненне». У Літве пракаментавалі заяву Церцеля пра імаверныя ўдары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

Nashaniva.com